Леў Сапега: Не толькі Статут. Чым праславіліся яго дзеці?
Чалавек, імя якога ў любым сьпісе найвыбітнейшых беларусаў усіх часоў будзе заўжды сярод першых дзесяці. Складана знайсьці шмат падобных дзеячаў у нашай гісторыі. Пра Статут 1588 года і посьпехі ў вайсковай справе чулі ўсе. Але што ў больш вузкім коле – сярод яго сям’і? Ці перадаліся рысы генія дзецям? Праверым, іх у вялікага канцлера было 8.
Леў Сапега двойчы браў шлюб. З першай жонкаю Даротай з роду Фірлеяў нарадзілі Кацярыну, Крыштафа, Яна Станіслава і Андрэя. Пасьля сьмерці Дароты Леў узяў у жонкі Гальшку са знакамітага роду Радзівілаў. Зь ёю нарадзіліся Ганна, Мікалай, Крыштаф Міхал, Казімір Леў.
Кацярына Сапега (?-?)
Дзяўчынка выйшла ў 1604 годзе за князя Багдана Саламерэцкага, крычаўскага старосту. Ён быў вядомым супраціўнікам вуніі і ўсяляк падтрымліваў праваслаўе. Што ішло ў вядомым супярэчаньні бачаньню вялікага канцлера Льва Сапегі. Сапега быў натхняльнікам Берасьцейскай вуніі і адданым каталіком (пасьля таго, як паспрабаваў сябе ў праваслаўі і пратэстантызме).
У Кацярыны і Багдана Саламерэцкага нарадзіліся пяцёра дзяцей: Хрысьціна, Алена, Марына, Рэгіна і маршалак пінскі Ян Уладзіслаў. Зрэшты, на ўнуку Льва Сапегі – Яне Ўладзіславе Саламерэцкім — згас гэты княскі род па мужчынскай лініі: у яго былі тры дачкі.
Крыштаф Сапега
Хлопчык памёр у маленстве.
Ян Станіслаў Сапега (1589-1635)
Ян Станіслаў нарадзіўся ў слаўным горадзе Маладэчна. За сваю кар’еру атрымаў шэраг значных дзяржаўных пасадаў: падстолі вялікі літоўскі, маршалак надворны літоўскі і вялікі літоўскі, акрамя гэтага быў старостам слонімскім з 16-гадовага ўзросту.
Навучаўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбэргу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім універсітэтах. Адукацыя давала шырокія перавагі маладому чалавеку.
8 жніўня 1618 года Ян Станіслаў Сапега падпісвае прывілей на заснаваньне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, разьлічваючы ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Сапежын атрымаў магдэбургскае права.
Сын Льва браў удзел у выправе Жыгімонта Вазы на Смаленск, а таксама ў вайне супраць Швэцыі з 1625 года, дзе аднак, па сьведчаньнях сучасьнікаў, не выявіў ваеннага майстэрства. Яго корпус быў ушчэнт разьбіты. Сапега сабраў рэшткі свайго войска, пачаў супрацоўнічаць з польным гетманам Крыштафам Радзівілам, распачаў наступальныя дзеяньні. Аднак у сувязі з набліжэньнем большай колькасьці швэдзкіх сілаў яны былі вымушаныя адступіць.
Неаднаразова абіраўся паслом на соймы. У 1612—1613 гадах выконваў дыпляматычныя даручэньні Рэчы Паспалітай у розных дзяржавах сучаснай Італіі.
Пачынаючы з 1627 года яго здароўе пачало пагаршацца, узьнікла псыхічнае захворваньне.У 1630 годзе знаходзіўся пры імпэратарскім двары ў Вене.
У 1633 годзе памірае вялікі Леў Сапега. Пасьля сьмерці бацькі становіцца спадкаемцам Ружанскага палаца, але праз два гады памірае і сам.
Ян Станіслаў двойчы браў шлюб: першай жонкай была Ганна Схалястыка з Хадкевічаў, другой — Грызэльда з Вадынскіх. Ягоны сын Караль памёр у маленстве.
Андрэй Сапега
Хлопчык памёр у маленстве.
Ганна Сапега (1603-1627)
Дачка Льва і Гальшкі Радзівіл яшчэ больш вырашыла злучыць два самых знакавых шляхетных рода. Яна выйшла ў 1618 годзе (так-так, ёй было ўсяго 15 гадоў) за Альбрэхта Ўладзіслава Радзівіла. У будучыні ён стаў кашталянам Троцкім і Віленскім. Але, на жаль, Ганна памерла ў маладым узросьце, і не пакінула нашчадкаў.
Мікалай Сапега
Хлопчык памёр у маленстве.
Крыштаф Міхал Сапега (1607-1631)
Даволі кароткае жыцьцё гэтага сына Льва Сапегі было раптоўна абарванае сухотамі. У той час гэтая хвароба практычна не пакідала шанцаў на ачуняньне, і хворы на сухоты пакутаваў доўгі час, аж пакуль не прыходзіў канец.
Нарадзіўся Крыштаф у знакамітым Ружанскім замку. У 23-гадовым узросьце атрымаў пасаду падстолія вялікага літоўскага, а ў наступным, апошнім годзе жыцьця – стаў пісарам вялікім літоўскім.
Па ўсім відаць, што яго кар’ера мусіла быць выключна пасьпяховай, і бацька шмат спрычыніўся да ўзьлёту па кар’ернай лесьвіцы сына. Аднак, як кажуць, насьмяшы Бога сваімі плянамі.
Навучаўся ў Віленскай акадэміі, разам з братам Казімерам Львом працягваў адукацыю за мяжой у Мюнхэне і Інгальштаце.
У 1624 захварэў на сухоты, што прымусіла братоў вярнуцца дадому. Па непрацяглым лекаваньні выехаў па навучаньне ў Лёвэнскі ўнівэрсытэт, наведаў Брусэль, Балёнью і Падую. Аднак абвастрэньне хваробы прымусіла скончыць эўрапейскае турнэ і вярнуцца дадому.
Займаўся гістарычнай і літаратурнай дзейнасьцю, быў аўтарам гісторыі пра расейскага Дзьмітрыя-Самазванца «Opowiedzenie dziejów Dymitra cara» (рукапіс загінуў) і працы «Theses politicae ex Aristotelis libris de republica».
Ажаніцца Крыштаф Міхал не пасьпеў і нашчадкаў не пакінуў.
Казімір Леў Сапега (1609-1656)
Апошняе дзіцё вялікага суайчыньніка. Ён амаль дасягнуў кар’ернай вышыні свайго бацькі – пасады вялікага канцлера Вялікага Княства Літоўскага. А гэта, між іншым, пасада нумар два ў дзяржаве пасьля самога вялікага князя. Зрэшты, Казімір Леў спыніўся за крок да яе. З 1645 года і да канца жыцьця ён хадзіў на працу ў якасьці падканцлера. Акурат такую пасаду меў Леў Сапега на момант выхаду ў сьвет Статута ВКЛ 1588 года.
Апошні сын Льва Сапегі за жыцьцё пасьпеў адзначыцца не простым прасіжваньнем нагавіцаў. Ён быў старостам рагачоўскім, слонімскім, волпенскім і любашанскім, а таксама адміністратарам Берасьцейскай эканоміі. Валодаў лятыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад вялікага князя прывілеяў на Магдэбурскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічаў, Талачына, Бешанковічаў, Ружанаў. Таксама вядомы як заснавальнік картускага кляштару ў Бярозе і катэдры права ў Віленскім унівэрсытэце.
Казімір Леў Сапега браў удзел у вайне з казакамі бунтаўніка Багдана Хмяльніцкага ўва Ўкраіне (1648—1653), складаньні Збораўскага пагадненьня, бітве пад Берастэчкам.
У страшэнную вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Казімір Леў выступаў супраць пагадненьня Януша Радзівіла са швэдзкім каралём Карлам X Густавам. Увосень 1655 году пад Берасьцем каардынаваў ваенныя дзеяньні супраць маскоўскіх і швэдзкіх войскаў, аднак стан ягонага здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 году, па паразе пад Вярховічамі, фармальна прызнаў швэдзкі пратэктарат над Вялікім Княствам Літоўскім.
У пачатку 1656 году атрымаў ад вялікага князя Яна Казіміра даручэньне весьці перамовы пра мір з маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам, аднак неўзабаве памёр.
Пры Віленскай акадэміі сын Льва Сапегі заснаваў фонд на ўтрыманьне чатырох прафэсараў і ахвяраваў на гэта 12 500 злотых. Таксама перадаў акадэміі Ружанскую бібліятэку, сабраную яго бацькам і ім самым. Тая бібліятэка, названая як і акадэмія — Сапежынскай, налічвала каля 3 тысячаў тамоў і складалася з рэдкіх кнігаў.
Яго жонкай была прыгажуня Тэадора Тарнаўская, аднак дзяцей у іх не было.
Такім чынам галіна Сапегаў у хуткім часе перасеклася. Леў Сапега так і застаўся самай галоўнай зоркай знакамітага старадаўняга роду.