Знаходка, якая раскрывае гісторыю Мінска 1000 гадоў таму

На раскопках пад Мінскам знайшлі яшчэ адзін Трызуб князя Ізяслава.

Знаходка археолагаў — донца гаршка з выявай Трызуба. Фота: nasb.gov.by

Знаходка археолагаў — донца гаршка з выявай Трызуба. Фота: nasb.gov.by

Яшчэ адзін фрагмент посуду з радавым знакам князя Ізяслава, сына Рагнеды і Уладзіміра, знайшлі на археалагічным комплексе на рацэ Менка 7 ліпеня 2023 года, паведамляе «Будзьма».

Археалагічныя даследаванні гарадзішча і селішчаў пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Андрэя Вайцяховіча вядуцца на Менцы з канца траўня.

Першае падобнае адкрыццё, якое ў значнай ступені паўплывала на планы маштабнага вывучэння гісторыка-культурнай каштоўнасці каля в. Гарадзішча Мінскага раёна, зрабілі ў мінулым годзе, адзначаецца на сайце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«Тады сенсацыя была ў тым, што захаванае донца гаршка — адзінае падобнае ў Беларусі (цяпер ужо два). Гэта гаршчок, з якога еў сам князь! — пішуць на інстаграм-старонцы сядзібы «Стары Менск». — Ужо тады навукоўцы выказалі меркаванне, што Рагнеду з Ізяславам маглі саслаць не на голае месца ў Заслаўе, а ў Менск.


Раскопкі ў Старым Менску. Фота: nasb.gov.by

Раскопкі ў Старым Менску. Фота: nasb.gov.by

А Заслаўе Ізяслаў заснаваў ужо сам. І вось — другая такая знаходка! Цяпер няма ніякіх сумневаў, што ўжо ў канцы Х стагоддзя Менск быў княскім горадам і меў вельмі высокі статус».

А ўсяго некалькі тыдняў таму на раскопках знайшлі грабеньчык з косці, якому 1000 гадоў.

Нагадаем, што раскопкі ў Старым Менску, на замчышчы і селішчы ХІ стагоддзя, ідуць кожны дзень (з панядзелка па суботу). Археолагі запрашаюць усіх жадаючых прыняць удзел у раскопках Старога Менска.


Як можна далучыцца да раскопак

Паўдзельнічаць можа любы ахвочы. Малых дзяцей (да 10 гадоў) лепей з сабой не браць, праца руцінная і патрабуе пільнасці. 

Пры сабе мець працоўную адзежу і абутак, рукавіцы, ссабойку, пітную ваду. 

Рыштунак (рыдлёўкі, шкрабкі) выдаецца на месцы.

Раскопкі ў Старым Менску. Фота: nasb.gov.by

Раскопкі ў Старым Менску. Фота: nasb.gov.by

Перад тым, як ехаць, лепей у працоўны час патэлефанаваць і ўдакладніць, ці будуць заўтра раскопкі, бо часам з-за дажджу працы адмяняюцца.

Даязджаць трэба да сядзібы «Стары Менск» і на месцы тэлефанаваць па кантактным нумары.

Раскопкі вядуцца за 200 метраў ад сядзібы.

Кантактны тэлефон: +375295782375