«Спявайце ж, Братцы, смела і звонка! Не згіне песня і Украіна! Будзьце здаровы. Янка Лучына»
Янка Лучына прыйшоў да беларускай мовы праз украінскую, а першы ягоны зборнік быў надрукаваны пад выглядам кнігі на балгарскай. У дзень народзінаў славутага паэта згадаем цікавыя эпізоды ягонага жыцця.
Паходзіў са шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх
Будучы пісьменнік нарадзіўся 6 ліпеня 1851 года ў Мінску, у сям’і калежскага асэсара, сакратара Мінскай палаты цывільнага суда.
Іван Неслухоўскі (сапраўднае імя Янкі Лучыны) выдатна скончыў Мінскую класічную гімназію, а пазней механічнае аддзяленне Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута па моднай тады спецыяльнасці – інжынер-тэхнолаг чыгуначнага транспарту, працаваў начальнікам чыгуначных складоў у Тыфлісе да 1879 года.
Дэбютаваў у якасці паэта з рускамоўным вершам.
У 1886 годзе, у першым нумары газеты «Мінскі лісток» быў надрукаваны верш Янкі Лучыны з назвай «Не ради славы иль расчёта…». Верш павінен быў растлумачыць чытачам новай газеты яе мэты і меў наступныя радкі:
«Служить стране, глухой, забитой,
Где мрак невежества царит,
В лачуге, где, соломой крытой,
Мужик печально дни влачит».
Прыйшоў да беларускай мовы праз украінскую
Гісторык Уладзімір Арлоў піша:
Прыкладна 100 гадоў таму патомны мянчук, шляхціч, выпускнік Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, інжынэр і крыху паэт, аўтар некалькіх, як ён казаў «вершаплётных пачынаньняў» на расейскай і польскай мовах Ян Неслухоўскі купіў аднойчы квіток у гарадзкі тэатар. На яго сцэне тады гастралявала вандроўная трупа карыфея ўкраінскай драматургіі, рэжысэра й актора Міхайлы Старыцкага.
Разышлася заслона, і з сцэны заместа звыклай расейшчыны палілася жывая ўкраінская мова. Той вечар зрабіў на Неслухоўскага калясальнае ўражаньне, ператварыўшы яго ў беларускага паэта Янку Лучыну, які прысьвяціў украінскім артыстам натхнёныя радкі:
Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:
Не згіне песня і Украіна!
Будзьце здаровы!
Янка Лучына.
Апублікаваны ў 1887 годзе гэты верш стаў першым беларускамоўным у творчасці паэта.
«Янка Лучына выспяваў як беларускі паэт на творчасці У. Сыракомлі, яго сябра і паслядоўніка В. Дуніна-Марцінкевіча, наогул на традыцыі беларускай літаратуры, якая склалася да Ф. Багушэвіча, — піша паэт Уладзімір Бузук. – У ёй ёсць усведамленне самабытнасці беларускага народа, яго мовы і культуры. Але яшчэ не хапае беларускай перспектывы – нацыянальнай ідэі як светапогляднай дамінанты, лаканічна-вобразнай і дакладна абвешчанай Багушэвічам у прадмове да сваёй праграмнай кнігі «Дудка беларуская».
«Па сваіх матывах, — адзначаў філосаф Уладзімір Конан, — вершы Лучыны — своеасаблівая ўверцюра да паэзіі Купалы і Коласа».
Мог быць сасланы за нарыс «З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 года на Міншчыне»
Паўстанне Кастуся Каліноўскага відавочна моцна паўплывала на светапогляд паэта.
У 1889 годзе ў
Кракаве была выдадзена ананімная брашура з назвай «Z krwawych dni: epizod z
powstania 1863 r. w Mińskiem» («З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 г. на
Міншчыне»). Даследчыкі Адам Мальдзіс і Уладзімір Мархель даказалі, што
аўтарства належыць менавіта Янку Лучыне.
У лісце да Зянона Пшасмыцкага аўтар брашуры адзначае: «Напісаў я абразок аб падзеях 1863 г. і так задаў перцу і імбіру, што, напэўна, адбыў бы падарожжа на ўрадавы кошт, калі б мая пісаніна трапіла ў належныя рукі... Аднак я не меў бы нічога супраць, каб гэтых некалькі слоў прыязні да нашых дабрадзеяў пусціць пад вялікім сакрэтам у ход за кардонам. Шчырая праўда з’яўляецца фонам апавядання».
Дык звернемся непасрэдна да тэксту нарыса.
«Паўстанне 1863 года належыць да выключных падзей, якія прадстаўляе сусветная гісторыя. Падагрэтыя гарачай любоўю да Айчыны, з сэрцамі поўнымі болю ад сузірання абраз і пакут, якія прычыняў Ёй тыран поўначы, патрыёты выйшлі насуперак ворагу з голымі рукамі, пачалі ўзбройвацца кіямі, косамі і невялікай па колькасці агнястрэльнай зброяй і ўступілі ў барацьбу з такім запалам, з такой адданасцю, што перад такой маральнай сілай маскалі задрыжалі і, нягледзячы на перавагу сіл, не здолелі адразу падавіць паўстанне», — піша Янка Лучына.
Ніжэй аўтар спрабуе асэнсаваць прычыны паражэння паўстання, якія падаюцца надзвычай сугучнымі і сённяшнім падзеям:
«Паўстанне ўпала. Мноства адданасці, ахвяр жыцця і маёмасці, складзеных на алтары Айчыны, прынеслі ёй новыя слёзы і жалобы, аблілі Яе свежым крыві патокам і ў палітычным значэнні не здаліся ні на што, дзеля чаго? Прычыны гэтаму розныя, падзелім іх на знешнія і ўнутраныя. Што да знешніх, то галоўнай з іх з’яўляецца занадта перабольшаныя надзеі, якія палякі, а асабліва эміграцыя, ускладалі на дапамогу заходніх дзяржаў, якія апрача млява і без ніякага для нас выніку праведзеных пагадненняў канчаткова нічога для Польшчы не зрабілі. Наступнай прычынай упадку паўстання было тое, што еўрапейскія дзяржавы, як верна выразіўся французскі міністр Друі дэ Луіс, «неслі для Польшчы спачуванне, а для Расіі дапамогу», не жадаючы прызнаваць Польшчу за ваюючы бок і ў выніку гэтага перашкаджаючы ўтварэнню паўстанцкіх атрадаў за мяжой, перамяшчэнню іх да Айчыны і перавозу зброі за расійскі кардон.
Што да ўнутраных прычын, г. зн. у краіне, амаль на арэне баявых дзеянняў, то галоўнай з іх было абыякавае і нават варожае стаўленне, якое сяляне выражалі да паўстання, асабліва ў Літве. Калі б мы маглі вызваліць іх яшчэ перад царскім указам 1861 года, калі б прынамсі ўчынкі нашага грамадства (з нешматлікімі выключэннямі) у адносінах да сялян былі больш чалавечныя, маглі б мы быць упэўнены і ў іх спачуванні і дапамозе, што дало б абсалютна іншы паварот партызанскай барацьбе шэсцьдзясят трэцяга года.
Паўстанне ўпала. Гэты калос, збудаваны з цаглінак гераізму незлічоных адзінак, абрушыўся пад моцным націскам перавагі. На яго месцы паўстаў маскоўскі бізун і пятля. Па ўсёй краіне распасцерліся жалобныя песні, плачы і стогны няшчасных ахвяр, што гінулі павольна пакутніцкай смерцю, і тых, хто іх любіў, хто, страчваючы іх, страчваў усё, што іх з гэтым светам злучала».
Першы зборнік вершаў Янкі Лучыны быў выдадзены пад выглядам кнігі на балгарскай мове
«Янка Лучына марыў пра выданне кнігі, але гэта здзейснілася толькі пасля яго сыходу ў іншы свет, — піша Уладзімір Арлоў. — У 1903 годзе беларускія адраджэнцы ў Пецярбурзе здолелі абвесці вакол пальца царскага цэнзара і выпусцілі ягоны зборнік «Вязанка» пад выглядам кнігі на балгарскай мове. Кнігадрук па-беларуску па-ранейшаму заставаўся пад забаронай…».
На трыццатым годзе жыцця быў паралізаваны
У 1880-м годзе паэта нечакана разбіў параліч. Пасля лекавання ён мог рухацца толькі з дапамогаю мыліц. Хвароба, аднак, не спыніла прагу маладога чалавека да жыцця. Ён працаваў у тэхнічным бюро чыгункі, а таксама наведваў тэатр, захапляўся рыбалкай і паляваннем.
Янка Лучына памёр у 1897 годзе, на 46-м годзе свайго годнага жыцця. Ён быў пахаваны на Кальварыйскім пагосце, побач з жонкаю Ганнай Грыневіч.