БагатаДата 7–13 снежня
На гэтым тыдні хапае розных міжнародных дзён і круглых датаў. А што адзначыце вы? Выбірайце, што даспадобы!
7 снежня
Міжнародны дзень грамадзянскай авіяцыі.
1991. З 7 па 8 снежня 1991 года ў Віскулях адбывалася сустрэча найвышэйшых кіраўнікоў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, якія ад імя сваіх дзяржаў — заснавальніц Саюза ССР канстатавалі, што Савецкі Саюз як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне, і падпісалі пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.
8 снежня
Міжнародны дзень мастака.
1914. У вёсцы Дзедзінка Мёрскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся Часлаў Сіповіч, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч на эміграцыі. Быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Вялікабрытаніі, ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане і музея пры ёй.
1999. У Маскве была падпісана Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Да 20-годдзя з дня прыняцця гэтага дакумента ўлады дзвюх краінаў вырашылі падрыхтаваць пакет дарожных картаў па яго ажыццяўленні — дзеля больш «глыбокай інтэграцыі».
9 снежня
Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй.
1809. У Парыжы нарадзілася Стэфанія Радзівіл (па мужы — графіня Вітгенштэйн). Апошняя ўладальніца Мірскага замка з роду Радзівілаў. Яе дачка Марыя была жонкай канцлера Германіі Хлодвіга Гогенлоэ.
1939. У Екацярынбургу нарадзіўся савецкі і беларускі стралок Ігар Бакалаў, шматразовы чэмпіён свету ў кулявой стральбе з пісталета. У Мінск спартовец пераехаў, бо з Беларусі была яго жонка.
10 снежня
Дзень правоў чалавека, Сусветны дзень футболу, а таксама Міжнародны дзень правоў жывёлаў.
1939. У Старых Дарогах на Міншчыне нарадзіўся грамадскі і культурны дзеяч, калекцыянер Анатоль Белы. Стварыў на радзіме прыватны музей, які ператварыўся ў Старадарожскі мастацкі музей. Быў першым дырэктарам музейных комплексаў «Хатынь» і «Курган Славы». Адзін з фундатараў усталявання помніка Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі, помнікаў у дворыку БДУ ў Мінску Францыску Скарыну, Міколу Гусоўскаму, Кірылу Тураўскаму, Еўфрасінні Полацкай ды іншым гістарычным постацям у розных мясцінах.
11 снежня
Міжнародны дзень гор і Сусветны дзень дзіцячага тэлебачання.
1934. У Мінску нарадзіўся архітэктар і гісторык архітэктуры Анатоль Воінаў. Аўтар праектаў шэрагу карпусоў Акадэміі навук.
1994. Расійскія войскі ўступілі на тэрыторыю Чачні.
12 снежня
Міжнародны дзень нейтралітэту.
1979. У Раўбічах, што пад Мінскам, у разбураным касцёле адчыніўся Музей беларускага народнага мастацтва (філіял Нацыянальнага мастацкага музея).
1979. На пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС было прынята рашэнне аб увядзенні савецкіх войск у Афганістан. Яно было аформленае сакрэтнай пастановай. Супраць выказаўся толькі адзін чалец Палітбюро — старшыня Савета міністраў Аляксей Касыгін. Падчас вайны ў Афганістане загінулі амаль 800 беларусаў.
13 снежня
1904. У Маскве нарадзіўся савецкі археолаг Мікалай Варонін, адзін з буйных спецыялістаў па гісторыі культуры і дойлідства Старажытнай Русі. У тым ліку праводзіў раскопкі на Замкавай гары ў Гродне.
1919. Старшынёй Народнай Рады БНР стаў Пётра Крачэўскі. Гэта адбылося пасля расколу Рады з-за спрэчак наконт стаўлення да Польшчы. Была яшчэ Найвышэйшая Рада на чале з Язэпам Лёсікам, якая ў выніку ўвосень 1920 года прызнала адзінай паўнамоцнай Народную Раду.