«Са злосцю кідаў бураком у партрэт таварыша Сталіна»
Суд 3 участка горада Мінска ў складзе суддзі Манько,
засядацеляў Шымковіча і Баркоўскага пры сакратары Стрыгун 4 жніўня 1935 года прыгаварыў Аляксея Фёдаравіча Змітровіча з калгасу «Зара»
Астрашыцка-Гарадоцкага сельсавета да двух гадоў пазбаўлення волі. Можна сказаць, што яму пашанцавала.
Як не дзіўна, сталінскія рэпрэсіі да гэтага часу застаюцца ў Беларусі не да канца асэнсаваным і не пераадоленым мінулым, а тысячы іх ахвяр — не рэабілітаванымі. Больш за тое, цэлыя катэгорыі асуджаных нават не лічыцца ахвярамі рэпрэсій.
Заканадаўства розных рэспублік СССР мела свае асаблівасці. Меў асаблівасці і Крымінальны кодэкс БССР 1928 года. У ім быў артыкул 103 (агітацыя і прапаганда супраць парадку дзяржаўнага кіраўніцтва), аналаг якому адсутнічаў у Крымінальным кодэксе РСФСР 1926 года.
Артыкул, з улікам унесеных у 1930 і 1931 гадах зменаў, гучаў наступным чынам (тут і далей захаваны правапіс арыгіналу дакументаў. — аўт.): «103. а) Агітацыя і прапаганда, у якіх ёсць заклік да ўчынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 92 — 95 і 97 — 101, або да невыканання ці перашкоды ажыццяўленню мерапрыемстваў і загадаў органаў савецкай улады, а таксама загатаўленне, захаванне і распаўсюджанне літаратурных твораў для такой агітацыі і прапаганды выклікаюць — пазбаўленне свабоды да пяці год. б) Такія самыя дзеянні, калі яны звязаны са скарыстаннем рэлігійных забабонаў мас або былі ўчынены ў час вайны і мелі на мэце невыкананне грамадзянамі ўскладзеных на іх ваенных або звязаных з ваеннымі дзеяннямі абавязкаў і павіннасцей, выклікаюць — пазбаўленне свабоды не менш як на тры гады. Такія самыя дзеянні, калі яны ўчынены кулакамі, апрача ўказаных мер сацыяльнай абароны, выклікаюць — канфіскацыю маёмасці».
У тэксце артыкула 103 згаданыя іншыя артыкулы: 92 (сукрыццё або нявернае паказанне колькасці належачых да абкладання або падліку прадметаў), 93 (няплата падаткаў), 94 (адмаўленне выконваць павіннасці і работы, якія маюць агульнадзяржаўнае значэнне), 95 (адмаўленне або ўхіленне ад унясення падаткаў або ад выканання павіннасцей, калі яны арганізаваны па ўзаемнай згодзе), 97 (парушэнне правіл уліку ваеннаабавязаных і ваеннаслужачых), 98 (ухіленне ад дапрызыўнай падрыхтоўкі і праверачных збораў) і да таго падобнае. Але фармулёўка артыкула з яго прымяненнем у жыцці мела мала агульнага.
4 жніўня 1935 года суд 3 участка горада Мінска ў складзе суддзі Манько, засядацеляў Шымковіча і Баркоўскага пры сакратары Стрыгун разглядаў крымінальную справу Аляксея Фёдаравіча Змітровіча. Справа разглядалася без удзелу пракурора і адваката. Аляксей Змітровіч, калгаснік калгасу «Зара» Астрашыцка-Гарадоцкага сельсавета Мінскага раёна, беларус, непісьменны, беспартыйны, жанаты, нарадзіўся ў 1898 годзе, меў 4 утрыманцаў, паходзіў з сялян-сераднякоў вёскі Галіца Астрашыцка-Гарадоцкага сельсавета. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён «на працягу 1935 года сістэматычна праводзіў адкрытыя выступленні супраць мерапрыемстваў калгаснага будаўніцтва і савецкай улады». У прыватнасці, Змітровіч «вясной у 1935 годзе на адчыненым сходзе калгаснікаў выступіў і выказаў, што рабочым бульбы прадаваць не трэба, дадаўшы «чарцям гэтым». Вясной у 1935 годзе, прывезшы буракі на малочную ферму калгаса, са злосцю кідаў бураком у партрэт т. Сталіна». Апрача таго, падсудны «сістэматычна падбухторваў калгаснікаў спазняцца на работу. Сам сістэматычна спазняўся».
Па артыкуле 103а КК БССР Змітровіча асудзілі да двух гадоў пазбаўлення свабоды. Мерай стрымання да ўваходжання прысуду ў законную моц яму была абрана падпіска аб нявыездзе. Селянін абскардзіў прысуд у Вярхоўны суд БССР. 21 кастрычніка 1935 года касацыйная калегія Вярхоўнага суда ў складзе суддзяў Еліна (старшыня пасяджэння), Белкінд і Родава пераглядала справу. Справа пераглядалася не толькі ў адсутнасць пракурора і адваката, але нават і падсуднага. Калегія палічыла прысуд вынесеным слушна і пакінула скаргу без задавальнення.
2 снежня 1935 года суд 3 участка горада Мінска (суддзя Манько, засядацелі Станішэўскі і Нарэйка, сакратар Стрыгун) разглядаў крымінальную справу Максіма Якімавіча Баяровіча, 66 гадоў, беларуса, непісьменнага, жанатага. У 1931–1932 гадах гаспадарка яго абкладвалася цвёрдым заданнем, то бок на той час ён у калгас не ўваходзіў і заставаўся аднаасобнікам. У далейшым Максім Баяровіч быў змушаны ўступіць у калгас «Чырвоны баец» Навадворскага сельсавета.
Падсуднага прызналі вінаватым у тым, што «5 мая 1935 года будучы выпіўшы прышоў на калгасны сход, дзе праводзілася падпіска на заём 3 года 2-й пяцігодкі, і, каб перашкодзіць ходу падпіскі, выступіў і сказаў, што ў полі ўраджай дрэнны, на працадні калгаснікі атрымаюць мала, а пагэтаму падпісацца на заём ён можа толькі на 15% руб. (так у дакуменце)». Можна лічыць, што Максіму Якімавічу пашанцавала — на той раз яго толькі запалохалі. Суд прыняў пад увагу, што падсуднаму 66 гадоў, таму «ізаляваць яго немэтазгодна», і асудзіў па артыкуле 103-а КК БССР да 2 гадоў зняволення ўмоўна з папраўчым тэрмінам 1 год. Верагодна, на вырак паўплывала тое, што ў Баяровіча быў абаронца (адвакат). Захавалася толькі прозвішча адваката — Разенталь.
Значна менш пашанцавала наступнаму асуджанаму. 6 жніўня 1936 года суд 3 участка г. Мінска (суддзя Сідронскі, сакратар Галавач, прозвішчы засядацеляў у прысудзе напісаны неразборліва) разглядзеў крымінальную справу Уладзіміра Мікалаевіча Мысліўчыка, беспартыйнага разведзенага калгасніка, які нарадзіўся ў 1904 годзе, меў ніжэйшую (так у дакуменце) адукацыю, быў судзімы ў 1932 годзе, да ўступлення ў калгас меў 3,035 га зямлі, аднаго каня і адну карову і паходзіў з сям'і земляроба вёскі Кайкава Кайкаўскага сельсавета Мінскага раёна.
Суд палічыў Мысліўчыка вінаватым у тым, што, «уступая ў калгас 3 разы, ён з калгаса 2 разы выступаў, пацягнуў за сабой і іншых калгаснікаў пад відам «дрэнна жыць у калгасе», падгаворваючы сваю жонку, каб апошняя забрала з калгаса каня абагуленага. Сістэматычна з'яўляўся на сходы калгаснікаў і пасяджэнні праўлення ў п'яным становішчы, на якіх выступаў без дазволу старшыні праўлення калгаса ці старшыні прэзідыума сходу, не даючы выступаць запісаўшымся для выказвання, нягледзячы на тое, што бываў некалькі разоў выведзеным са сходу. Крычаў, што газеты пішуць — гэта ўсё чапуха і няпраўда, і калі хочаш праўду сказаць, то неадкладна высылаюць, як Троцкага выслалі ў Турцыю, што пры цары жылося лепей, [чым] цяпер пры савецкай уладзе. Меў у калгасе таварыша, былога гарадавога царскага часу, з якім выпіваў. Замаскіроўваў сябе тым, што часамі выказваў сваё знанне пастаноў партыі і ўлады, ходзячы заўсёды з такавымі ў кішэнях».
Гэтымі дзеяннямі, па меркаванні суда, Мысліўчык «як агент класавага ворага і падкулачнік вёў агітацыю і прапаганду супраць мерапрыемстваў нашай КП(б)Б і савецкай улады». Яго асудзілі па артыкуле 103а КК БССР да «пазбаўлення свабоды ў адлеглых мясцовасцях СССР тэрмінам на пяць год з паражэннем у правох палітычных на тры гады». Мерай стрымання да ўступлення прысуду ў законную сілу было абрана ўтрыманне асуджанага ў Мінскай турме.
Уладзімір Мысліўчык абскардзіў прысуд у Вярхоўны суд БССР (нездарма ж ён вучыў «пастановы партыі і ўлады»). 2 верасня 1936 года касацыйная калегія Вярхоўнага суда (старшыня пасяджэння Табачнікава, члены Самойліч і Ляльчук) разглядзела справу №6326/69. Прысуд суда першай інстанцыі быў пакінуты ў сіле.
Артыкул 103 КК БССР быў адменены пастановай Прэзідыума Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР 6 снежня 1937 года «в связи с тем, что преступления, предусмотренные ст. 103 Уголовного кодекса БССР, относятся к контрреволюционным и к ним может применяться ст. 72 Уголовного кодекса». Такім чынам, улады БССР лічылі артыкул 103 «палітычным» і ўрэшце, на грэбні вялікага тэрору, прыраўнялі яго да артыкула 72 (агітацыя і прапаганда, у якіх ёсць заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады).
У сваю чаргу, артыкул 72 КК БССР 1928 года быў копіяй артыкула 58-10 КК РСФСР 1926 года. Гэта быў самы распаўсюджаны палітычны артыкул у 1930-я гады і пазней. На піку рэпрэсій, у 1937 годзе, за «антысавецкую агітацыю» ў СССР было асуджана больш за 234 тысячы чалавек. У іншыя гады колькасць асуджаных за «антысавецкую агітацыю» складала дзясяткі тысяч штогод. Санкцыя па гэтым артыкуле вагалася ад пазбаўлення свабоды на тэрмін не ніжэй за 6 месяцаў да расстрэлу.
Каб прадэманстраваць «народнасць» артыкула, далёка хадзіць не трэба. Вось лёс земляка з аднолькавым з Уладзімірам Мікалаевічам прозвішчам, Міхаіла Фаміча Мысліўчыка, таксама калгасніка з вёскі Кайкава (звесткі ўзятыя са складзенай міжнародным таварыствам «Мемарыял» базы дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»). Міхаіл Мысліўчык быў арыштаваны 23 сакавіка 1935 года, а 22 мая прыгавораны асобай нарадай да трох гадоў ссылкі за «антысавецкую агітацыю». 30 красавіка 1938 года яго арыштавалі паўторна ва Уфе, дзе ён працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі, а затым прыгаварылі па артыкуле 58-10 да пазбаўлення свабоды тэрмінам на 5 гадоў. Міхаіл Мысліўчык, у адрозненне ад Уладзіміра, быў рэабілітаваны ў 1989 годзе па абедзвюх справах.
Пасля смерці Сталіна артыкул не быў адменены, а толькі перафармуляваны. У новых крымінальных кодэксах савецкіх рэспублік, якія былі прынятыя ў 1960–1961 гадах, з'явіліся артыкулы «антысавецкая агітацыя і прапаганда» (арт. 70 КК РСФСР, арт. 67 КК БССР). Асуджаць за «антысавецкую агітацыю» працягвалі да сярэдзіны 1980-х.
Калі ў 1990-я гады ў Беларусі праводзілася рэабілітацыя, рэабілітавалі асуджаных за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» па артыкулах 63–76 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года. Артыкул жа 103 знаходзіўся ў іншым раздзеле («злачынствы супраць парадку дзяржаўнага кіравання»), і выглядае, што асуджаных па ім не рэабілітавалі. Дакладна застаюцца не рэабілітаванымі Аляксей Змітровіч, Максім Баяровіч і Уладзімір Мысліўчык — іх імёнаў няма ў базе дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі». Гэты прабел неабходна ліквідаваць і рэабілітаваць усіх асуджаных па артыкуле 103 КК БССР 1928 года.
Рэдакцыя «Новага Часу» просіць звязацца з намі сваякоў згаданых у гэтым артыкуле рэпрэсаваных ці іншых людзей, якія што-небудзь ведаюць пра іх лёс.