Анатоль Жук: «Гісторыю Слуцкага збройнага чыну замаўчаць не ўдалося»
«1920 год на Случчыне» —
кніга слуцкага краязнаўцы
Анатоля Жука, якая выйшла ў 2016 годзе. Гістарычна-краязнаўчы нарыс прадаваўся ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга»
і хутка быў раскуплены.
Гэта ўжо не першая кніга былога рэдактара дзяржаўнай раённай газеты «Слуцкі край» Анатоля Жука, які цікавіцца мясцовым краязнаўствам больш за 30 гадоў. Мноства ранейшых публікацый было прысвечана гісторыі Слуцка. Дзякуючы яго карпатлівай пошукавай працы былі ўстаноўлены месцы сталінісцкіх расстрэлаў у Слуцкім раёне, дзе вясной 2016 года былі ўсталяваны і асвечаны крыжы.
Ён аўтар краязнаўчых даведнікаў і віктарын. Найбольш значнымі з’яўляюцца нарысы «Слуцк.1937 —…» і «1920 год на Случчыне», дзе аўтар апісвае драматычны і супярэчлівы характар тагачаснай грамадска-палітычнай сітуацыі і выкарыстоўвае архіўныя дакументы, успаміны відавочцаў і ўдзельнікаў падзей, манаграфіі вучоных-гісторыкаў, энцыклапедычныя даведнікі.
Па словах Анатоля Жука, тэмы для працы ім былі выбраны не выпадкова:
— Да гэтага часу ў нашай мясцовасці замоўчваюцца як падзеі 1930-х гадоў, калі былі расстраляны ў слуцкіх лясах тысячы бязвінных людзей, так і падзеі супярэчлівага 1920 года. Тэма польскай акупацыі распрацавана савецкімі гісторыкамі, ёсць экспазіцыя і ў мясцовым краязнаўчым музеі. Падзеі ж Слуцкага антысавецкага збройнага чыну замоўчваюцца да гэтага часу, -— распавядае краязнаўца. — У Слуцкім краязнаўчым музеі няма нават элементарнай экспазіцыі, якая б была прысвечана гэтай падзеі. Лічу, што гэта несправядліва ў адносінах да памяці тысяч людзей, якія вымушаны былі адстойваць з зброяй свае правы і пасля загінулі.
Анатоль не разумее, чаму Слуцкі збройны чын ахоплены такой таямнічасцю:
— Гэта ж была іншая гістарычная эпоха, якая наўпрост не звязана з цяперашняй уладай, — гаворыць ён. — У кожнай гістарычнай эпохі ёсць свае героі. Ну не маглі ўсе жыхары Слуцкага павета з радасцю восенню 1920 года сустракаць Чырвоную армію, бо ведалі, што разам з ёю да іх прыйдуць і харчразвёрстка, і іншыя страшныя праблемы. Трэба было адстойваць сваё права на жыццё, якое было магчыма толькі пад лозунгам незалежнасці. Удзельнікі паўстання былі рознымі па сваёй ідэалогіі і свядомасці, але ў выніку случчане прынялі ўдзел у барацьбе пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Гэта ўжо гістарычны факт, ад якога нельга адкруціцца і якім, на думку аўтара, можна нават ганарыцца.
Па словах Жука, мэтай працы з’яўляецца аб’ектыўнае асвятленне тых падзей без палітыка-ідэалагічнага падтасоўвання якіх-небудзь фактаў.
— Нават савецкія ідэолагі не маглі б мяне абвінаваціць у тым, што я выкарыстоўваю толькі антысавецкія крыніцы. У пераліку маіх крыніц даволі шмат савецкіх, нават ёсць вытрымкі з выступленняў Уладзіміра Леніна і рашэнняў з’ездаў Камуністычнай партыі, публікацый газеты «Савецкая Беларусь».
Дарэчы, нацыяльная бібліятэка ўзяла кнігу ў свае фонды з радасцю. А вось у слуцкай раённай бібліятэцы гэтай кнігі не будзе.
Аўтар лічыць, што, нягледзячы на тое, што местачковыя ідэолагі і іх памагатыя натужліва імкнуцца замоўчваць гістарычны факт, ім усё ж не ўдасца перакрыць шлях падзеям мінуўшчыны да нас і нашых нашчадкаў.
Дарэчы, сам Анатоль Жук, дзякуючы свайму імкненню да аднаўлення гістарычнай справядлівасці, вымушаны быў развітацца з пасадай галоўнага рэдактара раённай газеты ў 2012 годзе з-за размяшчэння невялікага артыкулу пра Слуцкае паўстанне і аб’явы пра мітынг. Тады яму заставалася толькі два гады да пенсіі, і свае абавязкі рэдактара ён выконваў добрасумленна. Аднак быў звольнены. Дарэчы, пры ім газета выходзіла толькі на беларускай мове.
Гісторык Ніна Стужынская пракаментавала новую публікацыю пра Слуцкі збройны Чын:
— Мяне радуе, што краязнаўцы і журналісты не забываюцца на гэтую тэму. Чым больш аўтараў і краязнаўцаў будзе звяртацца да тых вострасюжэтных падзей, тым больш надзеі, што ў памяці беларусаў будзе адноўлена гістарычная справядлівасць і яны будуць ганарыцца сваімі продкамі.
Што тычыцца местачковых ідэолагаў, гаворыць гісторык, магчыма, яны з’яўляюцца нашчадкамі тых расійскіх галадаючых з Паволжжа, якімі засялялі беларускія землі, у тым ліку і Случчыну, пасля рэпрэсій супраць мясцовых паўстанцаў. Іх генетычная памяць ім нічога не скажа пра гераізм беларускіх паўстанцаў.
У той жа час гісторык адзначае, што публікацыі пра Слуцкае паўстанне маюцца ў розных новых гістарычных расійскіх выданнях. Чамусьці там ёсць цікавасць і да неадназначных беларускіх падзей, нават існуе дзяржаўная праграма па вывучэнню народных паўстанцкіх рухаў.