Пасольства ФРГ адкрыла Кнігу спачуванняў з нагоды трагедыі ў Берліне

Федэратыўная Рэспубліка Германія смуткуе па ахвярах акта насілля на калядным кірмашы каля Мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма ў Берліне 19 снежня, у выніку якога загінулі 12 чалавек і 48 атрымалі раненні.

1493280007cdff3b_mvc7p.jpg

У сувязі з гэтым Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія будзе адкрыта Кніга спачуванняў у будынку Пасольства, вул. Захарава, 26. Запісы ў Кнігу спачуванняў можна будзе зрабіць у сераду, 21 снежня, з 14.00 да 17.00, у чацвер, 22 снежня, з 10.00 да 16.00, і ў пятніцу, 23 снежня, з 10.00 да 14.00.
У панядзелак увечары цягач з прычэпам, гружаны сталёвымі бэлькамі, праехаў каля 80 метраў па тэрыторыі каляднага рынку ў цэнтральнай частцы Заходняга Берліна. Ахвярамі трагедыі сталі 12 чалавек, 48 былі шпіталізаваны. У салоне цягача паліцыя выявіла забітага грамадзяніна Польшчы.

Здарэнне было кваліфікавана як тэракт. Мяркуецца, што перад тым, як заехаць у натоўп, злачынец скраў грузавік, які належаў польскай кампаніі, і забіў кіроўцу.

Неўзабаве пасля нападу берлінская паліцыя затрымала падазраванага, аднак на наступны дзень ён быў адпушчаны. У пракуратуры заявілі, што доказаў супраць яго не знайшлося. Выканаўца тэракту застаецца на свабодзе.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе так званая «Ісламская дзяржава». Адпаведнае паведамленне распаўсюдзіла інфармагенцтва ІД «Амак».