80 гадоў прамове Гебельса аб татальнай вайне. Невідавочныя прыёмы прапаганды

18 лютага 1943 года рэйхсміністар народнай асьветы і прапаганды Ёзэф Гебельс зрабіў сваю знакамітую прамову ў бэрлінскім Палацы спорту. У залі прысутнічалі тысячы немцаў, па радыё адбывалася трансляцыя, а эфэкт быў ашаламляльны. На балюстрадзе вісеў транспарант: «Татальная вайна — самая кароткая вайна». Прапагандыст ведаў сваю справу і рабіў яе па-д’ябальску добра.

Фота: Bundesarchiv

Фота: Bundesarchiv

Што непасрэдна папярэднічала прамове

На фронце 6-я нямецкая армія пад Сталінградам капітулявала толькі 16 днямі раней пасьля некалькіх тыдняў жорсткіх баявых дзеяньняў. Там загінулі паўмільёна чалавек арміі Саветаў і 150 тысячаў нямецкіх жаўнераў (заўважце суадносіны загінулых: 4 да 1), больш за 100 тысячаў вайскоўцаў вермахта трапілі ў савецкі палон. У Трэцім Рэйху нават сярод перакананых нацыстаў узьнікалі сумневы ў «канчатковай перамозе».

У «Сакрэтных данясеньнях Службы бясьпекі СС» ад 4 лютага 1943 года паведамлялася: «Агульнае перакананьне ў тым, што Сталінград азначае пералом у вайне. Больш няўстойлівыя суайчыньнікі схільныя бачыць у гэтым пачатак канца».

Каб супрацьстаяць гэтай атмасфэры паразы, Гебельс назваў разгром пад Сталінградам «вялікім сыгналам трывогі лёсу. За савецкімі дывізіямі, якія мелі наступ, казаў ён, «мы ўжо бачым габрэйскія ліквідацыйныя атрады», а за імі «ўзвышаюцца тэрор, прывід галоднай сьмерці мільёнаў і поўная эўрапейская анархія».

Нацысцкая прапаганда праігнаравала патрабаваньне саюзьнікаў аб капітуляцыі. Пасьля вайны некаторыя гісторыкі інтэрпрэтавалі прамову аб «татальнай вайне» як адказ на ваенную мэту саюзьнікаў — «безумоўную капітуляцыю» Нямеччыны, Італіі і Японіі. Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль абвесьцілі гэта ў Касабланцы за некалькі тыдняў да гэтага, 24 студзеня 1943 года. Аднак жа ва ўсёй прамове Гебельс зусім не згадваў пра патрабаваньні ЗША і Брытаніі, ён цалкам прысьвяціў выступ небясьпецы з Усходу.

Выступ у палацы спорту акрамя лёзунгаў трываласьці, выконваў яшчэ адну функцыю: Гебельс спадзяваўся ўзьняцца на другое месца пасьля Гітлера ў Рэйху. Ён прагнуў узяць на сябе лідэрства ў тылу праз радыкалізацыю рэжыму.

 





Галоўны прапагандыст увесь час папярэджваў Гітлера аб неабходнасьці «радыкалізацыі нашай вайны». Хто не ваюе са зброяй на фронце, той павінны працаваць дома на ўзбраеньне. Трэба радыкальна прадухіліць нават зьяўленьне такога ўзроўню жыцьця, як у мірны час.

5 студзеня 1943 года Гебельс абвесьціў сваім бліжэйшым паплечнікам плян дзеяньняў па рэалізацыі татальнай вайны. Ён павінен быў рэгуляваць «усебаковае выкарыстаньне баяздольных мужчынаў і кабетаў для выкананьня задач абароны Рэйха». Мэта: за чвэрць года адправіць на фронт не менш як паўмільёна дадатковых жаўнераў. У сярэдзіне студзеня Гітлер падпісаў адпаведны загад, але гэтыя меры сустрэлі супраціў кабінэту міністраў. Як і шматлікія лідары партыі, Гітлер таксама засьцерагаўся негатыўных наступстваў. У насельніцтва настроі былі і так больш чым напружаныя.

Гебельс меў на мэце і зрабіць ціск на Гітлера. Ён выступіў з радыкальнымі патрабаваньнямі, натоўп бурліва рэагаваў воплескамі і ўхвальнымі крыкамі. Такім чынам можна было пакласьці канец так званым паўмерам. Калі б урад не паслухаўся патрабаваньняў, ён паставіў бы сябе ў незайздроснае становішча. Як вядома, Гітлеру вельмі прыйшлася даспадобы прамова, калі верыць заявам самога Гебельса.

Гітлер характарызаваў прамову як “псыхалягічны і прапагандысцкі шэдэўр”.

Кіраўнік аддзелу радыёвяшчаньня ў міністэрстве прапаганды Ганс Фрыхэ, як кажуць, спытаў Гебельса, што ён будзе рабіць, калі аўдыторыя адрэагуе не так, як хацелася б. Па словах біёграфа Гебельса Рыса, той адказаў, што праз гадзіну слухачы будуць гатовыя лазіць па дрэвах, калі ён іх аб гэтым папросіць. Па сутнасьці, так і сталася.

А што там было?

Паглядзім на асноўныя пункты прамовы. Зьвернем увагу на яе другую частку, бо ў першай была зробленая падрыхтоўка аўдыторыі, калі Ёзэф Гебельс усхваляў нямецкую нацыю і шэльмаваў габрэйства ва ўсіх яго праявах.

«Татальная вайна — гэта патрабаваньне дадзенай хвіліны. Мы павінны пакласьці канец таму буржуазнаму стаўленьню, якое мы гэтак часта назіралі ў гэтай вайне: памыйце мне сьпінку, але так, каб мяне не намачыць! Нам пагражае гіганцкая небясьпека. І намаганьні, зь якімі мы яе сустрэнем, павінны быць такімі ж гіганцкімі».





Калі мясцовы беларускі фюрэр штогод за 5 хвілінаў да Новага году пачынае прамовы з фразы «мінулы год быў вельмі складаны, і нам неабходна…» узьнікае падобнае ўражаньне.

Далей Гебельс працягвае. «Мы добраахвотна адмаўляемся ад значнай часткі нашага ўзроўню жыцьця, каб узмацніць нашую вайсковую эканоміку настолькі хутка і грунтоўна, наколькі гэта магчыма. Усе разумеюць, што калі мы прайграем, то ўсё будзе зьнішчанае. Народ і кіраўніцтва маюць намер прыняць самыя радыкальныя меры. Шырокія працоўныя масы нашага народу зусім не незадаволеныя тым, што наш урад занадта цьвёрды. Калі яны нечым і незадаволеныя, дык толькі тым, што ўрад занадта мяккі. Спытайце ў любога ў Нямеччыне, і ён вам скажа: самае радыкальнае — гэта ўсяго толькі дастаткова радыкальнае, і самае татальнае — гэта ўсяго толькі дастаткова татальнае для таго, каб атрымаць перамогу».

Згадзіцеся, гучыць як урывак з раману Джорджа Оруэла, але, на жаль, гэта было па-сапраўднаму. Што ўражвае, дык гэта тое, як усё бліжэй да гэтай прорвы нясуцца мясцовыя недаробленыя гебельсы з дынастыі азаронкаў і іншых прапагандыстаў.

«Старанныя грамадзяне маюць права чакаць, што калі яны працуюць па дзесяць, дванаццаць, чатырнаццаць гадзін у дзень, гультай не будзе стаяць побач зь імі і лічыць іх дурнямі. Мы загадалі зачыніць бары і начныя клюбы. Я проста ўявіць сабе не магу, каб у людзей, якія выконваюць свой абавязак для ваеннай эканомікі, яшчэ заставалася моц на тое, каб сядзець па начах у месцах такога кшталту.

Незьлічоныя дарагія крамы таксама былі зачыненыя. Нярэдка яны папросту абражалі пакупнікоў. Тамака, як правіла, і купляць было няма чаго, калі толькі людзі замест грошай не плацілі маслам або яйкамі. Якая карысьць ад крамаў, якім больш няма чаго прадаваць і якія толькі расходуюць электраэнэргію, ацяпленьне і працу працоўных, якой так не хапае ў іншых месцах, асабліва на ваенных заводах?

Мы хутчэй паходзім некалькі гадоў у зношанай вопратцы, чым дапусьцім, каб наш народ насіў лахманы стагодзьдзямі. Якая карысьць сёньня ад модных салонаў? Яны зьявяцца зноў, калі скончыцца вайна. Якая карысьць ад салонаў прыгажосьці, якія заахвочваюць культ прыгажосьці і адымаюць каласальную колькасьць часу і энэргіі? У мірны час яны выдатныя, але падчас вайны яны зьяўляюцца пустым марнаваньнем часу. Калі нашы жаўнеры будуць вяртацца з перамогай, нашы кабеты і дзяўчаты змогуць павітаць іх і без пышных убораў!».

hazeta_1.jpg

Калі Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі за нечалавечыя рэпрэсіі супраць сваіх грамадзянаў, а таксама ў сувязі з суагрэсіяй Расеі ў вайне з Украінай, беларускі рэжым кажа пра «станоўчы эфект».

Вернемся да Гебельса. «Недапушчальна, што некаторыя мужчыны і кабеты тыднямі адпачываюць на курортах і ў санаторыях, забіраючы месцы ў жаўнераў у звальненьні або ў працоўных, якія маюць права на адпачынак пасьля года цяжкай працы. Гэта недапушчальна, і гэтаму трэба пакласьці канец. Вайна — не час для забаваў. Пакуль яна не скончыцца, мы будзем знаходзіць самае глыбокае задавальненьне ў працы і бітве».

Рупары прапаганды, вядома, на думку Гебельса, павінны толькі раскручваць свой патэнцыял: «Тэатры, кінатэатры і канцэртныя залі працуюць у поўным аб'ёме. Радыё працуе над пашырэньнем і паляпшэньнем сваёй праграмы. Мы не хочам, каб у нашага народа быў змрочны, зімовы настрой. Тое, што служыць народу і падтрымлівае яго баявую і працоўную моц, карысна і жыцьцёва неабходна для ваеннай эканомікі».

Тэма кабетаў таксама была блізкая Ёзэфу Гебельсу

«Нашыя ворагі заяўляюць, што нямецкія кабеты не ў стане замяніць мужчынаў у ваеннай эканоміцы. Гэта можа быць справядліва для пэўных абласьцей, якія патрабуюць цяжкай працы. Але я перакананы, што нямецкая кабета поўная рашучасьці заняць месца, пакінутае мужчынам, які пайшоў на фронт, прычым зрабіць гэта як мага хутчэй. Я быў бы невысокага меркаваньня аб нямецкіх кабетах, калі б думаў, што яны не жадаюць прыслухацца да майго закліку. Мы не станем глядзець на даведкі ад лекараў. Таксама мы не станем слухаць апраўданьні тых кабетаў, якія сьцьвярджаюць, што іх муж, сваяк ці блізкі сябар мае патрэбу ў дапамозе, - абы толькі ўхіліцца ад працы. На гэта мы будзем адказваць адпаведна. Тыя нешматлікія, хто паспрабуе на гэта пайсьці, толькі страцяць павагу навакольных. Людзі стануць імі пагарджаць».

Напрыканцы Гебельс перайшоў да дзесяці пытаньняў, якія задаваў у Палацы спорту, і на які атрымліваў рашуча станоўчыя адказы тысячаў прысутных, якія біліся ў экстазе бліжэй да канца другой гадзіны прамовы.

«Я пытаю вас: ці вы хочаце татальную вайну? Калі спатрэбіцца, ці вы хочаце больш татальную і радыкальную вайну, чым вы наогул можаце сёньня ўявіць?

Я пытаюся ў вас: ці давяраеце вы Фюрэру мацней і непахісьней, чым раней? Ці гатовыя вы цалкам прытрымлівацца яго, куды б ён ні пайшоў, і рабіць усё, што толькі спатрэбіцца для давядзеньня вайны да пераможнага канца?

Я пытаю вас: ці ўхваліце вы, у выпадку неабходнасьці, самыя радыкальныя меры супраць невялікай купкі ўхілістаў і спекулянтаў, якія робяць выгляд, быццам зараз не вайна, а мір, і выкарыстоўваюць народную патрэбу ў сваіх карысьлівых мэтах? Ці згодныя вы, што тыя, хто наносіць шкоду ваеннай эканоміцы, павінны пазбавіцца галавы?».

Якія страшэнныя словы, якія гучалі тады, і відаць, недалёкі той час, калі падобныя словы загучаць зноў.