Звольнены яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты
У Мікашэвічах вымушаны быў звольніцца па ўзгадненні бакоў экс-кандыдат у дэпутаты Віталь Каліноўскі. Ён працаваў слесарам механа-зборачных работ у прыватнай фірме “Нарбуд+”.
Фота са старонкі ў ФБ Віталя Каліноўскага
Па словах Віталя, яшчэ перад выбарамі да яго дырэктара наведаўся старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Анатоль Давыдовіч, каб сказаць, што ягоны работнік вылучыўся кандыдатам у дэпутаты. Дырэктар адрэагаваў адразу. Ён прыбег да Віталя і сказаў звальняцца, але Каліноўскі адмовіўся. Тады дырэктар сказаў: “Я не хачу з-за цябе страціць фірму. Бо мне Давыдовіч сказаў, што будзе накіроўваць праверкі, калі цябе не звольню”.
Тады Каліноўскі прапанаваў напісаць пра гэта разам з ім у пракуратуру. Але пачуў у адказ: “Я табе нічога такога не гаварыў, а ты выдумаў”. Каліноўскі паабяцаў напісаць заяву пасля выбараў, толькі каб не заміналі весці перадвыбарчую агітацыю. На яго аказвалі ціск з боку адміністрацыі, і актывіст 24 сакавіка напісаў заяву аб звальненні, але яму прапанавалі адпрацаваць яшчэ месяц, пакуль не знойдуць замены.
Для ўлады стала традыцыяй і нормай пакідаць сваіх апанентаў без сродкаў для існавання. У Мікашэвічах дапрацоўвае свой тэрмін экс-кандыдат ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Наталля
Стражэвіч, у Баранавічах звольнены экс-кандыдат Рыгор Грык, у Кобрыне — Віктар Гарбачэўскі і г.д.