ЗША: Прысутнасць «Вагнера» ў Беларусі — не вельмі добрая навіна для жыхароў краіны

ПВК «Вагнер» небяспечная для ўсіх, хто з ёй кантактуе, а размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі — небяспечны і дэстабілізавальны фактар, які, аднак, не прыводзіць да змены ядзернай пазіцыі Злучаных Штатаў, распавёў у інтэрв'ю «Люстэрку» пастаянны прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр.

Майкл Карпентэр. Фота: @USAmbOSCE

Майкл Карпентэр. Фота: @USAmbOSCE


Беларусь у 2023 годзе нагадвае таталітарную дзяржаву. Не проста аўтарытарную, а такую, дзе выцясняюцца рэшткі незалежнай грамадзянскай супольнасці, што і з'яўляецца прыкметай таталітарызму, адзначыў амерыканскі дыпламат. Майкл Карпентэр таксама распавёў пра магчымасць узмацнення санкцыйнага ціску на Лукашэнку для вызвалення палітычных зняволеных.

— На тэрыторыі Беларусі цяпер знаходзіцца ПВК «Вагнер». Імаверна, можа адбыцца перамяшчэнне расійскіх наймітаў у рэгіёны, што мяжуюць з краінамі NATO. Як ЗША ацэньваюць гэтую сітуацыю і ці бачыце вы ў ёй пагрозу для бяспекі рэгіёна?

— Па-першае, ПВК «Вагнер» — гэта група, якая займалася зверствамі ва Украіне. Яна пакідае пасля сябе смерць, разбурэнне і спусташэнне. Гэта не тыя людзі, якія забяспечваюць стабільнасць. Якраз наадварот — гэта група, якая займаецца даволі жахлівымі дзеяннямі, што цалкам выходзяць за рамкі верхавенства закона. І не толькі ва Украіне, але, па сутнасці, усюды, дзе яны пабывалі.

Так што прысутнасць ПВК «Вагнер» у Беларусі, шчыра кажучы, не вельмі добрая навіна для яе жыхароў. Відавочна, што палітычнае кіраўніцтва краіны робіць свае ўласныя разлікі. Я не магу залезці да іх у галаву, але хачу сказаць, што такая жорсткая бандыцкая група, не звязаная ніякімі абмежаваннямі не толькі законам, але і, шчыра кажучы, міжнароднымі прынцыпамі, каштоўнасцямі або Жэнеўскімі канвенцыямі, безумоўна, небяспечная для ўсіх, хто з імі кантактуе.

— У сакавіку ў інтэрв'ю «Люстэрку» вы сказалі, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі было б вельмі безадказным і эскалацыйным крокам. Аднак мы бачым, што гэта ўжо адбываецца. Як цяпер Злучаныя Штаты будуць рэагаваць ці ўжо рэагуюць на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі?

— За гэтай сітуацыяй трэба вельмі ўважліва сачыць. Мы не лічым, што на гэты момант ёсць неабходнасць мяняць нашу ядзерную пазіцыю або іншыя ўяўленні пра пагрозы, якія мы маем ва Усходняй Еўропе. Мы будзем працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй, каб пераканацца, што Расія і Беларусь выконваюць свае абавязацельствы па Дамове аб недапушчэнні распаўсюджання ядзернай зброі. Гэтая пагроза небяспечная, яна дэстабілізуе. Мы будзем працягваць сачыць за гэтым.

Глядзіце таксама

— Прайшло амаль тры гады пасля выбараў 2020-га ў Беларусі. Злучаныя Штаты адразу ж занялі жорсткую пазіцыю ў пытанні непрызнання іх вынікаў і падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Ці гатовыя цяпер ЗША да ўзмацнення ціску на афіцыйны Мінск для вызвалення палітычных зняволеных і набліжэння іншых змен у Беларусі?

— Прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі былі нелегітымнымі, і гэтага факта не змяніць. У Беларусі цяпер каля 1500 палітвязняў, што робіць яе адной з найгоршых краін у свеце па гэтым паказчыку на душу насельніцтва.

Многія вядомыя людзі цяпер падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню ў турмах Беларусі: Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік — гэты спіс можна працягваць доўга.

Гэта чалавечыя жыцці, гэта людзі, якія не зрабілі нічога кепскага, якія заслугоўваюць таго, каб іх асабістая свабода і іх годнасць былі абароненыя. Злучаныя Штаты заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення гэтых палітычных зняволеных. І гэта застаецца нашай пазіцыяй.

— Што да санкцый, ці гатовыя ЗША іх узмацніць?

— Так, пакуль рэпрэсіі ўнутры Беларусі працягнуць узмацняцца. Беларусь у 2023 годзе, нагадвае таталітарную дзяржаву, не проста аўтарытарную, а такую, дзе выцясняюцца рэшткі незалежнай грамадзянскай супольнасці, што і з'яўляецца прыкметай таталітарызму. І гэта становіцца ўсё больш відавочным з кожным днём. Сітуацыя проста жахлівая.


Глядзіце таксама

— Беларуская грамадзянская супольнасць нават праз тры гады пасля падзей жніўня 2020-га дэманструе патэнцыял для аб’яднання і салідарнасці — пра гэта сведчаць вынікі марафону ў падтрымку палітычных зняволеных, за два дні якога сабралі каля 575 тысяч еўра. Якія дзеянні гатовы распачаць ЗША для ўзмацнення гэтага патэнцыялу?

— Гэта адзін з ключавых аспектаў беларускага грамадства, які, шчыра кажучы, для тых з нас, хто дастаткова стары, каб памятаць, нагадвае краіны, што знаходзіліся ў палоне за жалезнай заслонай падчас халоднай вайны, дзе былі грамадствы, фактычна атамізаваныя камуністычнымі рэжымамі таго часу.

У іх існавалі ачагі дэмакратычнага і ліберальнага мыслення, такія, як Хартыя-77 ці Камітэт абароны рабочых у Польшчы і многія іншыя групы, але яны так моцна душыліся рэжымамі таго часу, што было цяжка арганізаваць грамадзянскія дзеянні, якія дазволілі б людзям камунікаваць паміж сабой.

І гэтая адсутнасць камунікацыі — зноў жа, адна з вызначальных рыс таталітарнай сістэмы, якая імкнецца кантраляваць усе аспекты жыцця грамадства.

І таму тым з нас, хто выступае за дэмакратычную будучыню Беларусі, якая, вядома, дасягаецца дэмакратычнымі сродкамі і мірным шляхам, неабходна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і асобных людзей, каб яны маглі камунікаваць, каб яны маглі падтрымліваць адно аднаго, каб яны маглі развіваць гэтую салідарнасць сярод беларусаў. Вельмі важна тое, што мы бачылі ў 2020 годзе, але потым мірны пратэст быў хутка задушаны.

Я не сумняваюся, што патэнцыял салідарнасці паміж беларусамі існуе і сёння. Але ён настолькі моцна душыцца паліцэйскай дзяржавай і службамі бяспекі, што ў яго няма магчымасці праявіць сябе. Таму грамадзянскай супольнасці неабходна мець падтрымку. Гэта свайго роду прадвеснік усіх формаў грамадзянскай актыўнасці і грамадзянскіх дзеянняў, якія могуць прывесці да дэмакратыі ў будучыні.