ЗША працягваюць разглядаць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс пацвердзіў, што новыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў працягваюць разглядацца. Пра гэта ён заявіў на брыфінгу, адказваючы на пытанне журналістаў з нагоды візіту ў ЗША Святланы Ціханоўскай.

Нед Прайс

Нед Прайс


Па словах Прайса, сустрэчы, якія правяла Ціханоўская з дзяржсакратаром Энтані Блінкенам, яго намеснікам Вікторыяй Нуланд і дарадцам Дэрэкам Чоле, сведчаць аб высокім узроўні ўзаемадзеяння, піша REFORM.by.

«Узровень узаемадзеяння, які мы бачылі ўчора з спадарыняй Ціханоўскай, быў беспрэцэдэнтным узроўнем ўзаемадзеяння з беларускім лідарам у гэтым стагоддзі», — сказаў Прайс.

Ён адзначыў, што звычайна Дзярждэпартамент не дае агляду маючых адбыцца санкцыйных крокаў, але нагадаў пра заяву ад 21 чэрвеня, а таксама даручэнні Белага дома ад 28 чэрвеня Міністэрству фінансаў распрацаваць для разгляду прэзідэнтам распараджэнне, якое прадугледжвае ўзмацненне санкцый «для рашэння менавіта таго, што мы бачым у Беларусі: рэпрэсіі, рэпрэсіі, працяглае турэмнае зняволенне палітвязняў і палітычных апанентаў».

Прайс таксама яшчэ раз дэклараваў падтрымку народа Беларусі і грамадзянскай супольнасці, іх імкнення да дэмакратычнай, свабоднай і квітнеючай будучыні.

«Мы таксама падтрымліваем іх заклікі да рэжыму паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. І таму мы настроены на цесную каардынацыю з аднадумцамі, саюзнікамі і партнёрамі ў дачыненні да наступных крокаў», — дадаў ён.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента на заканчэнне выказаў падтрымку незалежнага расследавання леташніх выбараў, парушэння правоў чалавека і рэпрэсій. Па яго словах, ЗША ў далейшым будуць актыўна ўдзельнічаць у гэтым.

У афіцыйным каментары Белага дома па выніках сустрэчы Святланы Ціханоўскай з дарадцам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам гаворыцца, што ЗША працягнуць прыцягваць беларускія ўлады да адказнасці, у тым ліку пры дапамозе санкцый. Саліван пацвердзіў, што адміністрацыя прэзідэнта Байдэна працягвае патрабаваць ад беларускага боку міжнароднага расследавання падзей 23 траўня (прымусовая пасадка ў Мінску рэйсу Ryanair — НЧ), вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і пачатку палітычнага дыялогу з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасцю, якія павінны прывесці да свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў пад наглядам АБСЕ.