Выбары праз ціск

БХД заяўляе пра жорсткі ціск на ўдзельнікаў мясцовых выбараў і канстатуе: зараз не толькі падлік галасоў ператварыўся ў фарс — сітуцыя такая, што правесці нават збор подпісаў з’яўляеца амаль немагчымым.



vybyry_2014.jpg

У першы перыяд выбарчай кампаніі, пачынаючы ад рашэнння людзей стаць кандыдатам у дэпутаты, і да падачы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты ў акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі, ад аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» адвалілася каля траціны «прамоўцаў» на гэтых выбарах.

Падводзячы вынікі першага этапу кампаніі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў пра шматлікія казусы кампаніі. У прынцыпе, пра многія з іх мы пісалі не раз: «людзі ў цывільным» перашкаджаюць «прамоўцам» БХД збіраць подпісы, зрываюць іх пікеты, пагражаюць «вывазам у лес» і гэтак далей. Акруговыя камісіі выносяць абсурдныя папярэджанні маючым стацца кандыдатамі нібыта за «несанкцыянаваныя» пікеты, хаця санкцыі на выбарчы пікет з мэтай збору подпісаў не трэба. Альбо размовы пра тое, што «выбараў у Беларусі не існуе» расцэньваюцца сябрамі выбарчых камісій, як заклік да байкоту. У агульным рэчышчы запужвання і перашкодаў дзейнічаюць супрацоўнікі міліцыі. Спробы дамагчыся выканання сваіх правоў сканчаюцца нічым.

Як адзначыў Садоўскі, усе пікеты БХД з мэтай фармальнага вылучэння кандыдата ў дэпутаты зазнавалі той ці іншы ціск.

«Ккалі ў Мінску «людзі ў цывільным» паргаджалі і абражалі нашых актывістаў, і гэтым усё скончылася, то ў рэгіёнах сітуацыя горшая. Там проста такія ж «цывільныя» не даюць ставіць пікеты, зрываюць інфармацыю са стэндаў і гэтак далей», — кажа Садоўскі.

Спробы вырашыць гэтую сітуацыю законным чынам прыносяць непрыемнасці не тым, хто перашкаджае БХДшнікам удзельнічаць у выбарах, а ім самім. Напрыклад, 2 лютага на пікеце каля Камароўскага рынку Віталь Рымашэўскі, каб утаймаваць невядомых «цывільных людзей», якія не прадстаўляліся, але лаяліся на пікетчыкаў, выклікаў міліцыю. Міліцыянты на месцы пікета так і не з’явіліся. Але 7 лютага Рымашэўскага выклікалі ў міліцыю самога, і, рашэннем начальніка РУУС Савецкага раёну далі яму штраф у памеры 15 базавых велічыняў (1 міліён 950 тысяч рублёў) за «ілжывы выклік міліцыі».

Аднаму з «пікетантаў 2 лютага», Максіму Гацаку, папярэджанне тэрытарыяльнай камісіі было знята Мінскай гарадской выбарчай камісіяй. Але тым не менш, па словах Садоўскага, матэрыялы пра пікетаванне былі перададзеныя ў міліцыю для «надання ім прававой ацэнкі». Пасля чаго міліцыя пачала званіць сябрам ініцыятыўнай групы, і папярэджаваць іх пра адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні. «Усё гэта збівае тэмп кампаніі, і запужвае людзей», — лічыць Садоўскі.

Не менш цікавая сітуацыя атрымалася ў Гродна. Мікалай Верамеенка, Сяргей Верамеенка і Бэла Дашкіна зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па выбарчых акругах № 6 (Віленская), 28 (Чайкінская) і 15 (Азёрная) з мэтай збору подпісаў. Сабраўшы неабходную для рэгістрацыю колькасць подпісаў, а таксама ўсе патрэбныя дакументы яны прынеслі іх у Гарадзенскую гарадскую выбарчую камісію. Аднак у выбарчай камісіі ад іх пачалі патрабаваць нейкія незразумелыя дакументы: напрыклад, копіі школьных атэстатаў альбо ваенных білетаў. Канешне, гэта было б лагічна, калі б камісія ўжо рыхтавала ўлёткі кандыдатаў у дэпутаты, але пакуль што камісія нават не прыняла дакументы на іх вылучэнне!

У выніку ў апошні дзень падачы дакументаў людзі патрапілі для здачы дакументаў за некалькі хвілінаў да заканчэння парцы камісіі. Але гэтым разам дакументы проста адмовіліся прымаць і рэгістраваць без тлумачэння прычынаў. Маўляў, не возьмем, і ўсё тут.

Зараз актывісты з Гродна скардзяцца, куды толькі можна, ад ЦВК да пракуратуры, патрабуючы зарэгістраваць іхныя дакументы для магчымасці стаць кандыдатам у дэпутаты.

Дарэчы, як падкрэсліў Садоўскі, такое наўмыснае «зацягванне» са здачай дакументаў з боку камісій назіраецца не ў адным Гродне.

Некаторыя актывісты БХД вырашылі не падаваць у камісіі дакументы на рэгістрацыю, таму што ў іх раптоўна ўзніклі праблемы на працы. Прычым, як у тых, хто працуе ў дзяржаўным сектары, так і ў тых, хто робіць на недзяржаўных прадпрыемствах.

Такім чынам, па меркаванні сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, ад беларускіх выбараў засталіся «рожкі ды ножкі». «Сёння пытанне выбараў рэгулююць не выбарчыя камісіі, а беалрускія сілавыя органы. Больш за тое, узнікае ўражанне, што выбарчыя камісіі проста «зрасліся» з гэтымі органамі. Пад час усіх пікетаў спачатку да пікетоўцаў з прэтэнзіямі чапляўся нейкі сябра камісіі, а потым з’яўлялася міліцыя, альбо яны прыходзілі разам. То бок ЦВК і ўся астатняя выбарчая «трупа», якая «гуляе ў выбары», зараз сталі частукаю рэпрэсіўнага апарату, мэта якога — не даць апазіцыі праводзіць не толькі выбарчую кампанію, але і працу з людзьмі», — лічыць Рымашэўскі.

Дзіўныя паводзіны выбарчых камісій у справе праверкі подпісаў за кандыдатаў ад БХД адзначыў і Дзяніс Садоўскі, які сам з’яўляецца кандыдатам у Мінскі гарсавет па Дамброўскай акрузе №35. «Нам распавядалі некатрыя палдпісанты з ліку нашых знаёмых і сяброў, што ім сапраўды званілі з выбарчых камісій, запытваліся, ці ставілі яны подпісы за актывіста БХД. А потым неяк ненавязліва пачыналі пытацца альбо пераконваць адазваць свой подпіс. Гэта значыць, што ўлада, нягледзячы на мізерны «конкурс» у мясцовыя саветы, шукае падставы, каб не рэгістраваць сябраў БХД», — адзначыў Садоўскі.

У выніку сітуацыя такая. Напачатку ўдзел у выбарчай кампаніі ад БХД планавалі ўзяць каля 200 чалавек. Зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў у сваю падтрымку 184 чалавекі. Але дакументы і сабраныя подпісы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты падалі толькі 138 чалавек. Яны зараз чакаюць рашэння аб рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі ў статусе кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў.

Але кідаць выбары БХД не збіраецца. Па словах Віталя Рымашэўскага, пад час збору подпісаў ці то па кватэрах за вечар, ці то пад час пікетаў знаходзяцца некалькі чалавек, якія пакідаюць сябрам БХД свае кантакты і выказваюць гатоўнасць прыняць удзел у далейшай працы: ці стаць назіральнікам на ўчастку, ці яшчэ неяк дапамагчы. З гэтых людзей, як мяркуе БХД, вырасце тое самае «мясцовае самакіраванне», якое марыць стварыць аргкамітэт БХД пасля выбараў: аб’яднаныя суполкі, скіраваныя на тое, каб стаць «грамадскай канкурэнцыяй» «прызначаным дэпутатам».