Выбарчыя камісіі — апазыцыі мінімум

Не пазней за 22 ліпеня ў Беларусі павінны быць сфармаваныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.  



8311ae19_574d_463c_b79a_d892a09597c2_w640_r1_s.jpg

Менавіта чальцы гэтых камісіяў будуць правяраць сапраўднасць подпісаў, якія збіраюць за патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта іхныя ініцыятыўныя групы. Пакуль агульных дадзеных няма. А фрагментарныя звесткі пераконваюць  — як і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, у склад тэрытарыяльных камісіяў увойдзе вельмі мала прадстаўнікоў апазіцыі.  На тэрыторыі Беларусі ўтвараюцца 153 тэрытарыяльныя камісіі. 118 з іх — гэта раённыя. Астатнія — абласныя і гарадскія.

Спецыфіку іхняй працы сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік тлумачыць так:

«Калі ўчастковыя камісіі пераважна працуюць з выбарцамі, то тэрытарыяльныя — з кандыдатамі на прэзідэнта. Яны на этапе вылучэння кандыдатаў абавязаныя праверыць сапраўднасць подпісаў за прэтэндэнтаў.

Паток ідзе так. Ініцыятыўная група збірае подпісы. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбарцаў, якія жывуць у адным раёне. І вось у гэтым раёне падпісныя лісты і здаюцца ў тэрытарыяльную камісію. Вось, напрыклад, сабралі ў Буда-Кашалёўскім раёне. Там ведаюць сваіх людзей. І могуць сказаць: чакайце, у нас такія людзі наагул ня значацца. І гэта забяспечвае сапраўднасць праверкі».

Дэмакратычныя партыі і грамадскія арганізацыі вылучылі няшмат кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі. Кіраўнік выбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін тлумачыць гэта так:

«Мы плануем сканцэнтравацца на ўчастковых камісіях. Дзесяць падач у тэрытарыяльныя камісіі рознага роўню было. Але пакуль толькі адзін чалавек — у Берасцейскай вобласці — трапіў у склад камісіяў».

Рух «За свабоду» наагул не накіроўваў у тэрытарыяльныя камісіі сваіх прадстаўнікоў, — кажа першы намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Мы не маем паводле закону такой магчымасці, паколькі ў нас няма зарэгістраваных рэгіянальных структураў. Але мы рэкамендавалі нашым людзям падаваць дакументы праз збор подпісаў. Думаю, некалькі чалавек такой магчымасцю скарысталіся. Пакуль у нас няма дакладнай статыстыкі. Але, верагодна, нікога ў камісіі не ўключылі. Калі б такое адбылося, то нехта б паведаміў».

На папярэдніх выбарах ад апазіцыі актыўна паводзіла сябе партыя «Справядлівы свет». Яе лідар Сяргей Калякін сёння сказаў "Свабодзе":

«Пакуль вядома толькі выбарачна. Яшчэ не паўсюль прайшлі паседжанні. У Берасці ўключылі ў абласную камісію, але не ўключылі ў гарадскую. У Гарадзенскай вобласці не ўключылі ў шэраг камісіяў. Агульнай карціны няма. Але сітуацыя падобная да той, як было раней. Істотных паляпшэнняў няма».

Фармаванне тэрытарыяльных камісіяў скончыцца 22 ліпеня. А ўжо на наступны дзень зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы могуць пачынаць збор подпісаў за сваіх кандыдатаў. Іх, як вядома, восем.

www.svaboda.org