Віталь Рымашэўскі: улады плююць на свае ж законы і на правы грамадзян
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які прадстаўляў на аргкамітэце Дня Волі БХД, пракаментаваў адмовы ўладаў на правядзенне шэсця 25 сакавіка ў Менску ў сувязі з нібыта адсутнасцю шэрагу дакументаў.
“Гэтая
адмова абсалютна надуманая, і сёння аргкамітэт прыняў адпаведную заяву. Сёлета
мы на месяц раней, чым звычайна, падалі заяўку на акцыю, а Мінгарвыканкам такім
чынам вырашыў скараціць колькасць часу, каб запрашаць людзей на шэсце”, —
адзначыў ён.
Па словах Віталя Рымашэўскага, арганізатары ўвесь час пры
падачы дакументаў просяць пацвярджаючыя дакументы, што заяўкі прынятыя і ў якім
аб’ёме. “І Мінгарвыканкам увесь час
адмаўляецца гэта рабіць. Сёння стала зразумела, дзеля чаго”, — падкрэсліў
сустаршыня БХД.
“Беларускія ўлады
прадстаўнікам міжнароднай супольнасці і дыпламатам увесь час кажуць пра
гатоўнасць не перашкаджаць масавым шэсцям і дэманстрацыям, калі яны ідуць у
рамках дзеючага заканадаўства. Тое, што сёння адбываецца, паказвае хлуслівасць
гэтых заяў. Нагадаю, што мінулага 25 сакавіка я і многія ўдзельнікі шэсця былі
аштрафаваныя за ўдзел у дазволенай акцыі, за тое, што я звяртаўся праз мегафон
да ўдзельнікаў. Сёлета яны па надуманых прычынах адмаўляюцца нават разглядаць
заяўку. Такім чынам, улады плююць на свае ж уласныя законы і на правы грамадзян
на свабоду сходаў”, —дадаў Віталь Рымашэўскі.