Венядзіктаў: Заява Лукашэнкі выклікала ціхі ступар у Крамлі

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў у эфіры праграмы «Будзем назіраць» распавёў пра рэакцыю ў Расіі на прапанову Лукашэнкі падрыхтаваць стратэгію інтэграцыі да 2030 года, з якім ён выступіў на VIII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі 1 ліпеня.

venediktov.jpg


«Ну, зноў абуў, так? Зрабіў заяву Лукашэнка пра тое, што пара, нам трэба займацца сапраўднай інтэграцыяй з Расіяй і трэба напісаць план да 2030 года. І такі ціхі ступар у Крамлі і на Старой плошчы са словамі: “Пачакайце, мы ж не так дамаўляліся”. Вось так», — падзяліўся сваім уражаннем набліжаны да Крамля журналіст, піша REFORM.by.

Венядзіктаў прапанаваў звярнуць увагу на візіт беларускага-прэм'ер-міністра ў Казахстан і падпісанне пагаднення аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў.

«Звярніце ўвагу, што беларускі прэм'ер на апошнім тыдні з'ездзіў у Казахстан. Лукашэнка паралельна тэлефанаваў Такаеву і дамовіліся аб куплі нафтапрадуктаў у Казахстана. А затым Кітай гатовы даць цяпер крэдыт Беларусі. Я вам кажу, Лукашэнка — чалавек надзвычай вёрткі і хітры. І вядома ж, нават будучы ў пэўнай ступені абавязаны Расійскай Федэрацыі ўтрыманнем улады... Мабыць, у Крамлі лічылі, што ён аслабеў і стаў закладнікам, што часткова слушна. А часткова няправільна, таму што ён тут жа ў Сярэднюю Азію і Кітай. І наш вялікі брат паўднёва-ўсходні, вядома, гэтым скарыстаецца», — сказаў галоўрэд «Эха Москвы».

На ўдакладняючае пытанне, хто ж цяпер для Крамля Лукашэнка — «фарпост-ледакол ці ж гіра на нагах і чамадан без ручкі», Венядзіктаў унікліва адказаў, што «няма адназначнага адказу, магчыма, усё разам».