“Усходняе партнёрства” і апазіцыя

Пасля вяртання беларускай дэлегацыі з саміту «Усходняга партнёрства» вакол асобы Аляксандра Мілінкевіча разгарэўся скандал, які ледзь не захінуў сабой саму падзею ў Празе. Кіраўнік руху «За свабоду» адмовіўся падпісаць сумесную заяву з Зянонам Пазьняком, Аляксандрам Казуліным, Івонкай Сурвілай і Станіславам Шушкевічам. Аляксандр Мілінкевіч за сваю лаяльную пазіцыю адносна ваўкавыскіх вязняў-прадпрымальнікаў яшчэ да гэтага зрабіўся аб’ектам нападак, цяпер жа ўвогуле пачаліся размовы пра раскол апазіцыі.



abd815286ba1007abfbb8415b83ae2cf.jpg

Пасля вяртання беларускай дэлегацыі з саміту «Усходняга партнёрства» вакол асобы Аляксандра Мілінкевіча разгарэўся скандал, які ледзь не захінуў сабой саму падзею ў Празе. Кіраўнік руху «За свабоду» адмовіўся падпісаць сумесную заяву з Зянонам Пазьняком, Аляксандрам Казуліным, Івонкай Сурвілай і Станіславам Шушкевічам. Аляксандр Мілінкевіч за сваю лаяльную пазіцыю адносна ваўкавыскіх вязняў-прадпрымальнікаў яшчэ да гэтага зрабіўся аб’ектам нападак, цяпер жа ўвогуле пачаліся размовы пра раскол апазіцыі. Аднак падчас тэрмінова скліканай прэс-канферэнцыі палітык заявіў, што гэта ўсяго толькі розныя падыходы да рэалізацыі праграмы.
Свой подпіс пад дэкларацыяй Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ставіць толькі з-за аднаго пункту, у якім гаварылася, што кіраўнік Беларусі і Крэмль маюць сумесную стратэгію ў дачыненні да ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». На думку кіраўніка руху «За свабоду», гэта меркаванне з’яўляецца неабгрунтаваным. Палітык цалкам пазітыўна ставіцца да праграмы Еўрасаюза. Разам з тым ён адзначыў, што цяпер у Еўропе ад Беларусі чакаюць не простай канстатацыі фактаў, а канкрэтных прапаноў.
«Дайце канкрэтныя тэхналогіі, прапануйце, што зрабіць, каб сітуацыя паляпшалася, а не займайцеся простай фіксацыяй парушэнняў правоў чалавека», — сфармуляваў патрабаванні чыноўнікаў ЕС палітык. Ён заклікаў прадстаўнікоў апазіцыі «пазбавіцца палітычнага інфантылізму»: «Зараз удзел наш будзе вызначацца самастойна. Кожны бок мусіць прапаноўваць свае праекты. Сітуацыя настолькі змянілася для дэмакратычных сілаў, што старая сістэма, у якой мы працавалі, адыходзіць у нябыт. Сёння ўвесь час палітыкі Захаду гавораць, што выдатна разумеюць стан спраў. Але просяць прапаноўваць тэхналогіі. Мова заяў — гэта не мова тэхналогій. І мы павінны да гэтага прыйсці». Мілінкевіч паведаміў, што неафіцыйная дэлегацыя Беларусі канцэнтравала ўвагу на тым, каб у праграме ўдзельнічала грамадзянская супольнасць, лідэры грамадскіх арганізацый, незалежыя медыя.
Што тычыцца пытанняў супрацоўніцтва з афіцыйным рэжымам, то Мілінкевіч заклікаў рабіць не толькі чорныя, але і каляровыя ацэнкі яго дзеянням. «Улада добраахвотна рабіць дэмакратызацыю не будзе. Яна можа гэта рабіць толькі вымушана пад ціскам эканамічных праблем, настойлівай пазіцыі Еўрасаюзу, нашай. Таму супрацоўніцтва я бачу такім чынам: калі ўлады падпісваюць праграму «Усходняе партнёрства», то гэта пазітыўны крок, калі садзяць у турму Аўтуховіча і яго сяброў, і мы разумеем, што гэта хутчэй за ўсё палітычны пераслед, мы павінны пра гэта гаварыць, — адзначыў палітык. — Але ў ацэнцы дзеяння ўладаў мы не павінны быць толькі чорнымі, але і белымі, і каляровымі. Што тычыцца эканомікі, то магчымасці зменаў у руках улады. Мы не кіруем эканомікай, прадпрыемствамі, міністэрствамі. Але што тычыцца грамадзянскіх свабод, доступу да інфармацыі, еўрапейскай адукацыі — гэта перш за ўсё павінныя рабіць мы. У гэтай праграме ёсць канкрэтныя грошы, якіх нам заўсёды не хапае. Таму цяпер трэба пісаць адпаведныя праекты».
Кіраўнік руху «За свабоду» выказаў шкадаванне, што ў афіцыйнай дэлегацыі ў Празе не было Лукашэнкі: «Ёсць шкадаванне. Я хачу, каб Беларусь была прадстаўлена на самым высокім узроўні, але зразумела, што Аляксандр Лукашэнка сваёй дзейнасцю па дэмакратызацыі за апошнія шэсць месяцаў не заслужыў такога запрашэння. Вельмі важна, каб Беларусь у будучыні на падобных форумах была прадстаўлена вышэйшымі службовымі асобамі, гэта дасць нам дадатковыя магчымасці. Мала крокаў яшчэ зроблена. І ўлада павінна ведаць, што не будзе эканамічнага супрацоўніцтва, фінансавай падтрымкі, калі не будзе канкрэтных зменаў».
Палітык заявіў, што вельмі задаволены візітам, хаця ён збольшага і меў фармальны сэнс, а таксама жаданнем еўрапейцаў бачыць нашу краіну ў незалежным грамадстве.