Уладзімір Кондрусь прыпыніў галадоўку, яго справа на дадатковым расследаванні

Праабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што «справу проста адклалі з прычыны маючых адбыцца выбараў, каб не даваць міжнародным назіральнікам прычын казаць, што ў Беларусі зноў з’явіліся палітычныя вязні».

923c8e75_8336_49cf_a01d_9df3bdc2619c_cx0_cy15_cw0_w987_r1_s_r1.jpg


Пракуратура Мінску вярнула на дадатковае расследаванне ў Следчы камітэт крымінальную справу жыхара Рудзенску Уладзімера Кондруся, якога праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнем.

Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна», дзе аказваюць сваякам Уладзімера Кондруся прававую дапамогу. Цягам верасня следчыя павінны правесці дадатковае расследаванне і вызначыцца, ці накіроўваць справу ў суд, ці закрываць. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не выключае, што суд усё ж адбудзецца.

«Мяркую, гэтую справу проста адклалі з прычыны маючых адбыцца выбараў, каб не даваць міжнародным назіральнікам прычын казаць, што ў Беларусі зноў з’явіліся палітычныя вязні. Пройдуць выбары, і такім справам, як справа Уладзімера Кондруся, а таксама актывіста Змітра Паліенкі ды блогера Эдуарда Пальчыса, зноў дадуць рух», — мяркуе намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Уладзімера Кондруся ўзялі пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. На знак пратэсту супроць арышту Уладзімер Кондрусь трымаў у мінскім следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага галадоўку пратэсту і вельмі схуднеў.

«Вядома, што галадоўку ён спыніў, цяпер яму крыху лепш, паступова папраўляецца. Але выхад з галадоўкі — гэта заўсёды цяжкая працэдура, тым больш ва ўмовах зняволення. Таму казаць, што са здароўем ужо ўсё добра, — зарана. Стаў больш кантактаваць з людзьмі. Пакуль гэта ўсё, што мы пра яго ведаем ад сваякоў», — сказала карэспандэнту Свабоды праваабаронца Наста Лойка.

У 2011 годзе за ўдзел у мітынгу пратэсту каля Дому ўраду 19 снежня 2010 года, які суды прызналі «масавымі беспарадкамі», да зняволення на розныя тэрміны былі асуджаныя больш за 40 чалавек, у тым ліку кандыдаты на прэзідэнта Мікалай Статкевіч і Дзмітры Вус. Пасля 2011 года паводле тых падзеяў нікога да адказнасці не прыцягвалі. Апошнім з асуджаных у другой палове 2015 года выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, які адбыў за кратамі больш за 5,5 з прызначаных судом 6 гадоў. Крымінальная справа за ўдзел у «масавых беспарадках» 19 снежня 2010 года на кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча дагэтуль не закрытая.


"Радыё Свабода"