У Андрэя Бандарэнкі пакуль ціха
Новы ліст атрымаў юрыст Міхаіл Пастухоў ад вязня Магілёўскай турмы №4 Андрэя Бандарэнкі. Той піша, што ў яго пакуль некаторае зацішша. Ужо цэлы тыдзень ніхто не прад’яўляе яму неабгрунтаваных прэтэнзій і патрабаванняў. Праўда, Бандарэнка не верыць, што пра яго «забыліся».
У лісце Бандарэнка распавёў, як ён з адвакатам спрабуе абскардзіць рашэнне аб пастаноўцы яго на ўлік як схільнага да нападу на адміністрацыю. Першапачаткова скарга была накіравана ва Упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Пасля адказу з УДВП новая скарга была адрасаваная ў пракуратуру Магілёўскай вобласці. Там скаргу не сталі разглядаць і пераслалі ў тое ж УДВП. Зноў — адпіска. Бандарэнка накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру. Адтуль яе пераправілі ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Зноў — трафарэтная адпіска. Тады ў якасці адрасата Бандарэнка і ягоны адвакат выбіраюць суд Ленінскага раёна Магілёва. Але і ён «умывае рукі», накіраваўшы скаргу... у ДВП. Як гаворыцца, кола замкнулася.
Ужо на працягу шасці месяцаў Бандарэнка дасылае скаргі ва ўсе інстанцыі, а яны ўпарта вяртаюцца да той установы, на якую ён скардзіцца.
Ліст ад Андрэя атрымала і рэдакцыя НЧ. У гэтым лісце вязень таксама зазначае, што ціск на яго паслабіўся, аднак, на яго думку, «гэта, хутчэй, імкненне расслабіць». «Дагэтуль да мяне лезлі без перапынку з не зусім адэкватнымі прэтэнзіямі: не так сядзіш, нельга мыцца, не бачна твару і г.д. Апошнім часам былі заклапочаныя падушкай, якая «не так ляжала». Але было зразумела, што мяне правакуюць на канфлікт… Я гэта разумеў, і пісаў заявы з просьбай выправіць недахопы ва ўмовах утрымання. Урэшце падушку пакінулі ў спакоі», — піша ён.
«Затое ўразіў пракурор, які даслаў мне адказ на скаргу па спагнанні, якое мне вынеслі за тое, што я лежачы чытаў… Ён умудрыўся напісаць, што пракуратура «не мае падстаў для пракурорскага нагляду»… Зараз ужо самі пракуроры прызналіся, што падстаў для іх асноўнай дзейнасці — нагляду — няма! Я, у прынцыпе, не меў сумневаў, атрымліваючы іх адпіскі. Але каб вось так шчыра! Не чакаў», — піша вязень.
І дадае, што ўсе яго скаргі на спагнанні і пастаноўку на прафілактычны ўлік засталіся без задавальнення.