Улады 12 гадоў адмаўляюцца прызнаць генерала Захаранку памерлым
Суд адмаўляецца пачынаць грамадзянскі працэс аб прызнанні выкрадзенага генерала памерлым.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Воўчак.
«Учора я паслаў заяву дачкі Юрыя Захаранкі Алены ў суд Кастрычніцкага раёна Мінска. Вось ужо 12 гадоў суд зацягвае працэс прызнання генерала Захаранкі памерлым. Ніякай інфармацыі
нам не паведамляюць, грамадзянскі працэс аб прызнанні яго памерлым да гэтага часу не пачаты, хоць па законе ўлады павінны былі зрабіць гэта яшчэ 12 гадоў таму — у 2002 годзе. На 5 чэрвеня было прызначанае слуханне па гэтай справе, але потым усё
рэзка памянялася. Пры гэтым заяўнікаў не ставілі ў вядомасць. У сувязі з гэтым Алена Захаранка і звярнулася з заявай, каб усё праясніць», — распавёў юрыст.
Праваабаронца дадаў, што ён таксама атрымаў адказ з Следчага камітэта аб прадаўжэнні тэрміну папярэдняга расследавання аб знікненні Юрыя Захаранкі да 24 верасня 2014 г.
«Гэта апошні тэрмін падаўжэння, паколькі па дзейсным заканадаўстве ўлады будуць вымушаныя закрыць справу з-за тэрмінаў іскавай даўнасці. Таксама больш за месяц генеральная
пракуратура не дае нам адказу, чаму не хоча прызнаць маці генерала пацярпелай па справе, бо закон не забараняе гэтага», — адзначыў Алег Воўчак.
Нагадаем, генерал Юры Захаранка бясследна знік 7 мая 1999 года. Паводле афіцыйнай версіі, гэта здарылася ўвечары ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Мінску, калі ён быў выкрадзены з ужываннем гвалту
«неўстаноўленымі асобамі» і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Па факце знікнення экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была ўзбуджаная толькі 17
верасня 1999 года па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй па пошуку зніклага
генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.
charter97.org