Украінцы асцерагаюць беларусаў перад прапагандай РФ
Ва Украіне занепакоены экспансіяй «рускага міру» ў Беларусь. І звяртаюць увагу на падабенства цяперашняй беларускай сітуацыі з украінскай напярэдадні канфлікту ў ДНР і ЛНР.
Украінскія назіральнікі звяртаюць увагу, што
інфармацыйная прастора нашай краіны, якая прасякнута крамлёўскімі
прапагандысцкімі каналамі, моцна нагадвае ўкраінскую сітуацыю напярэдадні
канфлікту 2014 года на Данбасе.
Калі дадаць да гэтага спланаваныя прапагандысцкія атакі з маскоўскіх інтэрнэт-рэсурсаў і шматлікія інфармацыйныя фэйкі расійскай вытворчасці, то падабенства становіцца амаль поўным.
Дырэктар севераданецкай філіі луганскага тэлеканала “ЛОТ” Андрэй Шапавалаў кажа:
— Я б вельмі хацеў перасцерагчы беларусаў ад магчымых правакацый, бо тое што мы бачым, што мы чуем з Беларусі, можна казаць пра абсалютна ідэнтычны сцэнарый. Трэба вельмі асцярожна ставіцца да інфармацыі, ацэньваць, правяраць з некалькіх крыніц.
Ад мая 2014 года ва Украіне адключаныя ўсе расійскія тэлеканалы. У Беларусі расійскі тэлевізійны кантэнт займае, па розных ацэнках, ад 60 да 70 % ад агульнанацыянальнага.