У Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму ЕС «Усходняе партнёства»

Сёння, 22 чэрвеня, у Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму ЕС «Усходняе партнёрства». Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць бягучы стан і перспектывы супрацоўніцтва.



130715_vostoc_partner_easter.jpg

Беларусь будзе прадстаўляць міністар Уладзімир Макей. Мяркуецца выступ кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства на пленарным паседжанні міністэрскай сустрэчы з выкладаньнем падыходаў Беларусі да далейшага развіцця «Усходняга партнёрства», піша Радыё свабода.

Пасля гэтага паседжання ў Макея запланаваныя некалькі двухбаковых сустрэч з калегамі з  іншых краін. Таксама ў праграме ёсць прэсавая канферэнцыя беларускага міністра.

Для Уладзімира Макея, які пэўны час быў неўязным у краіны Еўрасаюза, гэты візіт у Брусэль стане другім. Год таму, у ліпені 2013 года, ён удзельнічаў у аналагічным мерапрыемстве.

Еўрасаюз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнёрства» на саміце ў Празе ў траўні 2009 года, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў для шасці краін: Азэрбайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Праграма прапануе шасці краінам-удзельніцам цесную эканамічную інтэграцыю з ЕС, калі яны выканаюць пэўныя ўмовы. З цягам часу яны могуць падпісаць шырокія гандлёвыя пагадненні, якія дадуць лягчэйшы доступ да рынку ў ЕС.

Большая мабільнасць людзей у Еўропе — таксама частка праекту «Усходняга партнёрства». ЕС хоча спрасціць працэдуры падарожжаў па Еўропе і ў выніку прапанаваць бязвізавы рэжым перамяшчэння.

У абмен на названыя прэферэнцыі дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўвесці строгія правілы па барацьбе з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю і гандлем людзьмі, наркотыкамі і зброяй. Гэта, у сваю чаргу, знізіць рызыку распаўсюджання такіх злачынстваў у Еўрасаюзе.