У 2015-ы год з новым сацыяльным кантрактам
Чакаю гучных і працяглых апладысментаў — нацыянальная ідэя Рэспублікі Беларусь знойдзеная. Гэта — выжыванне. Па формуле: жыццё ў абмен на лаяльнасць.
У сваім прагнозе на 2013 год аўтар гэтых радкоў трапіў пальцам у неба. Я прадказваў рост негатыўных настрояў у грамадстве ва ўмовах зніжэння тэмпаў росту даходаў насельніцтва. Урад сваё абяцанне выканаў. За студзень-лістапад 2014 года да аналагічнага перыяду 2013-га рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся на 1,1%, у той час як годам раней — на 18,1%. Але пры гэтым колькасць беларусаў, якія лічаць, што эканоміка знаходзіцца ў крызісе, знізілася за год з 68% да 52%.
У якасці апраўдання прывяду папулярны сярод эканамістаў анекдот: «Чым навуковы прагноз адрозніваецца ад варажбы на кававай гушчы? Тым, што варажба часам спраўджваюцца».
Гэтага апраўдання будзе замала. Таму звярнуся да паняцця «складаныя сістэмы» — гэта сістэмы, чые паводзіны непрадказальныя, хоць паводзіны кожнай падсістэмы прадказаць можна.
Эканамічная падсістэма беларускай мадэлі ў мінулым годзе паводзіла сябе ў поўнай адпаведнасці з маім прагнозам, аднак тое не перашкодзіла мне памыліцца, прагназуючы паводзіны грамадства.
Згода на прыгожы падман
У студзені 2014-га сярэднестатыстычны беларус сваю зарплату мог абмяняць на 550 баксаў, у ліпені — на 614, у снежні — на 370. Праблема, як няцяжка здагадацца, палягае не ў беларусах. Праблема — у беларускай мадэлі. Без «дапамогі» з боку Расіі тут не абышлося.
Ёсць усе падставы меркаваць, што ў новым годзе аб’ём такой «дапамогі» істотна павялічыцца. Да якога значэння апусціцца заробак у доларавым эквіваленце, прадказаць не бяруся — я не фінансавы аналітык. Але задачы, пастаўленыя адзіным палітыкам (АП) перад прызначанымі на вышэйшыя пасады чыноўнікамі, у 2015 годзе ў поўным аб’ёме выкананыя не будуць. Іх пералік кароткі: «зберагчы мір і парадак у краіне, забяспечыць рост эканомікі і годны ўзровень жыцця людзей».
Праблемы паўстануць і з эканамічнымі задачамі. Верагоднасць росту эканомікі блізкая да нуля. І гэта мякка сказана. Росту ўзроўню жыцця АП не абяцае (уважліва перачытайце цытату). Годны ж узровень жыцця — паняцце адноснае. Пры жаданні які заўгодна ўзровень можа быць абвешчаны такім.
А вось з забеспячэннем міру і парадку асаблівых праблем ва ўлады не павінна ўзнікнуць.
Два дзесяцігоддзі беларусы пражылі з адчуваннем, што «заўтра будзе лепш, чым учора». Адчуванне гэта сфармавалася не на пустым месцы. Трэнд на рост рэальных даходаў насельніцтва да 2007 года прасочваецца выразна.
З 2007 года пачынаюцца праблемы. Далёка не пра ўсе насельніцтва здагадвацца. І справа тут не толькі ва ўладзе, якая па зразумелых прычынах імкнулася казаць пра перамогі, а не пра паразы. «Людзі, — сцвярджае гісторык Уладзімір Булдакоў, — пагаджаюцца, каб іх падманвалі, але рабілі гэта, па магчымасці, спрытна і прыгожа, ды ўсяляючы агульную надзею на цуд».
Аднак магчымасць улады ўсяляць надзею на цуд не бясконцая. Як тут не прывесці эпілог папулярнага анекдота: «Каб вылузвацца, крылы трэба мець». Снежань 2014 года наглядна прадэманстраваў не толькі інтэлігентам у капелюшах, але і масаваму спажыўцу афіцыйнай прапаганды няздольнасць улады і далей падманваць «спрытна і прыгожа».
А калі так, то пазітыўнае адчуванне «заўтра будзе лепш, чым учора» пачне паступова выцясняцца адчуваннем негатыўным. Аднаго года, і нават двух, для поўнага выцяснення, відавочна, не хопіць. Тым не менш, працэс замены вызначэння «лепш» на антонім «горш» можна смела ўключаць у шэраг сістэмаўтваральных на 2015-ы год.
Жыць па сродках
Пяройдзем да любімай цацкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) — да сацыяльнага кантракту. У яго аснове, на думку аналітыкаў інстытута, ляжыць «апраўданне абмежавання некаторых свабод захаванасцю грамадзянскага міру і палітычнай стабільнасці».
З такім вызначэннем цяжка пагадзіцца, бо незразумела, дзеля якіх мэтаў на працягу двух дзясяткаў гадоў улада забяспечвала тэмпы росту даходаў насельніцтва вышэй за тэмпы росту вытворчасці працы. Барацьбе за «святую лічбу» (заробак у 500 долараў) у 2010 годзе ў значна большай ступені адпавядаў кантракт «сытасць у абмен на лаяльнасць».
2015-ы год пад ростам матэрыяльнага дабрабыту падвёў рысу. Банкруцтва «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця» прымусіла ўладу скасаваць кантракт у аднабаковым парадку. Сваё рашэнне яна не афішавала.
На парадку дня паўстала пытанне аб заключэнні новага кантракту. У гэтым, у першую чаргу, зацікаўлена ўлада, паколькі кантракт дазваляе істотна знізіць цяжар залішніх фінансавых абавязацельстваў улады перад грамадствам і замацаваць мэты і сэнс новага жыцця «па сродках».
Варыянт «патрывайце — усё вернецца», мяркуючы па шматлікіх заявах АП, нават не разглядаецца. За гэта ўладзе варта паставіць пяцёрку з плюсам па пяцібальнай сістэме. Улада не безнадзейная. Яна яшчэ не цалкам страціла сувязь з жыццём і разумее, што рост даходаў насельніцтва назаўсёды адышоў у нябыт.
Застаецца варыянт «жыццё ў абмен на лаяльнасць». АП прэзентаваў яго за некалькі хвілін да бою курантаў у сваім навагоднім звароце: «Гэты год раптоўна і трагічна даказаў нам сапраўдную каштоўнасць міру. Ён паказаў усім нам — любыя жыццёвыя праблемы адыходзяць на задні план, пачынаюць здавацца дробнымі і неістотнымі тады, калі рвуцца снарады, свішчуць кулі і льецца кроў. Няма для чалавека нічога даражэй за жыццё. І няма права больш важнага, чым права на жыццё. Нам трэба разумець і памятаць, на чым грунтуецца сапраўдны мір. І што з’яўляецца галоўнай пагрозай для яго».
Гэта фактычна варыянт Томаса Гобса. Англійскі філосаф XVII стагоддзя апісваў грамадскі дагавор як добраахвотную адмову грамадзян ад часткі сваіх свабодаў на карысць дзяржавы дзеля ўласнай бяспекі. Штосьці падобнае і прапанаваў АП.
Танны, але эфектыўны
Але пераход да кантракту паводле Томаса Гобса запатрабуе правядзення перагрупоўкі сярод кіруючага класа. Яе сэнс растлумачу з дапамогай палітолага Аляксандра Белавусава: «Для забеспячэння выканання ўмоў дагавора з боку дзяржавы ёй патрэбны асаблівы клас, з якім усталёўваюцца асаблівыя адносіны — вайскоўцы. З імі заключаецца дагавор зусім іншага кшталту: калі простыя людзі ахвяруюць дабрабытам дзеля бяспекі, то вайскоўцы, наадварот, павінны быць гатовыя аддаць сваё жыццё ў абмен на паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту».
Белавусаў — расійскі палітолаг. Ён аналізуе сітуацыю ў Расіі. Што да Беларусі, то, паводле дадзеных газеты «Ведамасці», у рэспубліцы-партызанцы ў 2010 годзе на 100 тысяч жыхароў прыпадала 1442 міліцыянта. Гэта — першае месца ў СНД. На другім месцы — Расія з адставаннем у 500 міліцыянтаў!
Не пакрыўджаныя беларускія сілавікі і матэрыяльна. Калі расходную частку бюджэту ў 2015 годзе запланавана павялічыць на 9,7%, то выдаткі на абарону — на 14,4%, на МУС — на 17,5%, а на КДБ — на 22,4%. Як пасля такой статыстыкі не ўсклікнуць: «Хопіць жартаваць і гуляць у дэмакратыю!»
Увесь 2013 год улада займалася мадэрнізацыяй, прымушаючы суб’екты гаспадарання «маляваць» бізнэс-планы. На шматмільярдныя інвестыцыі прадпрыемствы адказалі рэкордным падзеннем рэнтабельнасці. Таму ў 2014 годзе быў знойдзены танны, але больш эфектыўны, на думку ўлады, спосаб стымулявання эканамічнага росту — узмацненне дысцыпліны.
На выклікі гісторыі палітычная эліта адказвае альбо распрацоўкай інавацыйных ідэй, якія адкрываюць новыя творчыя магчымасці, альбо на аснове вяртання да старых каштоўнасцяў, што апраўдалі сябе ў мінулым. Другі шлях гісторык Аляксандр Ахіезер назваў «архаізацыяй».
Нескладана здагадацца, які шлях абрала спадчынніца савецкай наменклатуры. Як тут ні прыгадаць Уладзіміра Высоцкага: «Кроме мордобития — никаких чудес».
Дэкрэт №5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» падымае магчымасці «вертыкалі» здзяйсняць цуды на новы ўзровень. Беларусам да цудаў не прызвычайвацца. Навыкі адаптацыі да рэпрэсіўнай улады ў іх замацаваны на генетычным узроўні. Адсюль мая вера ў здольнасць улады «зберагчы мір і парадак у краіне» ў 2015 годзе. Адсюль мая абыякавасць да маючых адбыцца выбараў.
Пераяданне не пагражае
Пераход да кантракту «жыццё ў абмен на лаяльнасць» пазбавіць ідэолагаў, занятых пошукам нацыянальнай ідэі, ад галаўнога болю. Рыхтуйцеся апладзіраваць: «Нацыянальная ідэя Рэспублікі Беларусь — гэта выжыванне». Выжыванне пад кіраўніцтвам «моцнай дзяржавы». Попыт на такую дзяржаву ў снежні прад’явілі 56% беларусаў (НІСЭПД).
Нямецкі сацыёлаг Ніклас Луман сілу ўлады вызначыў праз колькасць ступеняў свабоды, якія ўлада можа даць грамадству. Чым больш ступеняў свабоды, тым мацнейшая ўлада. Але што заходнім дэмакратыям добра, тое беларускаму аўтарытарызму — смерць. Нездарма ж АП паўтарае як мантру: «Наеліся дэмакратыі, наеліся дэмакратыі»...
Чым добры мой варыянт нацыянальнай ідэі? Яго рэалізацыя не пагражае грамадству пераяданнем. Немагчыма ўявіць сабе палітыка, які абвінавачвае насельніцтва ў тым, што яно «наеліся выжывання».
У пачатку 1990-х гадоў беларусы выжывалі пры заробку ў 20 долараў, выжывуць і пры 370-ці. Пратэстаў чакаць не даводзіцца. Звернемся да класіку: «Тыя, хто церпяць самую моцную нястачу, становяцца хутчэй апатычнымі, чым актыўнымі, і беспрасветны прыгнёт спараджае вялікае маўчанне пры ўсіх тыраніях. Выбухі адбываюцца, калі ў наяўнасці якія-небудзь нязначныя перамены — іскра надзеі, іскра раздражнення — часцей за ўсё, пры прыкметах слабасці ўладу трымаючых, намёках на палітычную рэформу» (Ральф Дарэндорф, нямецкі палітолаг).
У 2015 годзе ўлада, верагодна, зможа ўтрымаць сама сябе ад намёкаў на рэформы, а пашыраць часавыя рамкі прагнозу я не рашаюся. Занадта высокая верагоднасць патрапіць пальцам у неба.