У Мёрах у народным галасаванні зноў перамог Севярынец

8 сакавіка ў Мёрах адбылося «Народнае галасаванне» (праймерыз), у межах якога выбіраюць адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі, паведамляе Свабода.

Выступы кандыдатаў, facebook.com

Выступы кандыдатаў, facebook.com

У галасаванні ўзялі ўдзел 18 чалавек, галасы размеркаваліся наступным чынам:
Павал Севярынец — 11, Мікалай Казлоў — 4, Вольга Кавалькова — 2, Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч — не атрымалі галасоў.
Як паведаміў Свабодзе Павал Севярынец, галасаванне ў Мёрах стала першым, куды завітаў прадстаўнік уладаў.
«На сустрэчы прыйшоў намеснік старшыні Мёрскага райвыканакаму Валер Драба. Ён актыўна ўдзельнічаў, задаваў шмат пытанняў: пра сельскую гаспадарку, пра догляд за дзецьмі. Таксама ён быў адзіным, хто падняў руку, калі мы спыталі, хто лічыць, што ў Беларусі сумленныя выбары. Валер Драба сказаў, што падліковыя камісіі працуюць празрыста і любы можа ў гэтым пераканацца», — расказаў Севярынец.
Падчас падліку галасоў у Мёрах арганізатары знайшлі адзін незапоўнены бюлетэнь, яго палічылі сапсаваным. Хто яго апусціў у скрыню, невядома.


Мёры — чацьвёрты горад, дзе праходзяць праймерыз. Пакуль першае месца займае Павал Севярынец (117 галасоў). 8 сакавіка яшчэ запланаваныя галасаванні ў Шаркаўшчыне і Паставах.

Прэзiдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзідэнта адбудуцца ў 2020 годзе. Калі дакладна, пакуль невядома. Cтаршыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына называла магчымай датай 30 жніўня.
65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
Пяць чалавек будуць удзельнічаць у праймерыз для вызначэння адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазіцыі: Юрый Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), ​Мікалай Казлоў (лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі), Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі), Аляксей Янукевіч (намеснік старшыні Партыі БНФ), ​Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі).
Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймэрыз, але яе не зарэгістравалі. Таксама пра прэзыдэнцкія амбіцыі заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не збіраецца сыходзіць на пенсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.