Святлана Ціханоўская ў ААН: Падтрымайце Беларусь у лёсавызначальны момант у гісторыі

«Няма ніводнай хартыі ААН, якую б Лукашэнка не парушыў», сказала Святлана Ціханоўская ў звартце да ААН.

svjatlana_cihanouskaja_7.jpg

Беларуская дэмакратычна лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да прадстаўнікоў ААН ад імя беларусаў:

«Я прашу Арганізацыю Аб'яднаных Нацый захаваць Беларусь у ліку прыярытэтаў і выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб дамагчыся вызвалення палітычных зняволеных. Я заклікаю суды ААН пачаць разбіральніцтвы супраць рэжыму ў Мінску. Таксама заклікаю Раду Бяспекі ААН уключыць у парадак дня Беларусь, каб абмеркаваць пытанне аб размяшчэнні ядзернай зброі і прамой пагрозе нашай незалежнасці.

Беларусь мае патрэбу ў вашай неадкладнай увазе і дзеянні. Гэта лёсавызначальны момант у гісторыі, і я прашу сусветную супольнасць падтрымаць нас у барацьбе за само існаванне нашай краіны і народа».

Таксама Ціханоўская адзначыла, што беларуская дзяржава не выконвае свае абавязкі перад грамадзянамі, а Лукашэнка – не прадстаўляе беларускі народ, таму ён і яго памагатыя павінны быць выключаныя з форумаў ААН.

З 19 па 26 верасня 2023 года ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку праходзіць 78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН. На ёй прысутнічаюць прадстаўнікі 140 дзяржаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская. Беларуская ўлада на Генасамблеі таксама мае сваё прадстаўніцтва: сам Аляксандр Лукашэнка на мерапрыемства не паляцеў, аднак афіцыйную дэлегацыю прадстаўляе кіраўнікі МЗС Сяргей Алейнік.