Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні пераходнага кабінета. У яго ўвайшоў падпалкоўнік ПДВ Сахашчык

Напрыканцы канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла ў Вільні 8 і 9 жніўня, Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета.

b8b530bfa39d6b31f359eacb97527499.jpg

«Я прыняла рашэнне стварыць Аб'яднаны пераходны кабінет — калектыўны выканаўчы орган, які будзе кожны дзень працаваць на галоўныя мэты:

абараняць незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццяўляць фактычную дэакупацыю Беларусі;

аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак;

распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення сумленных і свабодных выбараў;

распрацоўваць і выконваць рашэнні, неабходныя для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

У выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні», — сказала Святлана Ціханоўская.

У кабінет Ціханоўскай увайшлі кіраўнік НАУ Павел Латушка (прадстаўнік па транзіце улады), чалец B*POL Аляксандр Азараў (прадстаўнік па аднаўленні правапарадку), супрацоўнік Офіса і былы дыпламат Валерый Кавалеўскі (прадстаўнік па замежных справах) і падпалкоўнік ПДВ у адстаўцы Валерый Сахашчык (прадстаўнік абароны і нацыянальнай бяспекі).

«Зараз гэта наша агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасці маімі намеснікамі будуць Павел Латушка і Валерый Кавалеўскі. Таксама ў кабінеце павінны з'явіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, па эканоміцы і фінансах, па нацыянальным адраджэнні. Кабінет можа і будзе пашырацца», — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Валерый Сахашчык — найбольш інтрыгуючая і новая фігура ў шэрагах беларускіх дэмакратычных сіл.

Ён стаў вядомы сваім зваротам да беларускіх вайскоўцаў пасля пачатку вайны ва Украіне.

Сахашчык — былы камандзір брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады, заснавальнік руху «Чорны арол». Лічыцца, ён карыстаецца аўтарытэтам сярод беларускіх вайскоўцаў. Пасля сыходу ў адстаўку падпалкоўнік Паветрана-дэсантных войск жыве ў Польшчы.