Судовыя дзівосы вакол Някляева

Судовы працэс па зняццю адтэрміноўкі выканання прысуду Уладзіміру Някляеву можна назваць самым хуткім у гісторыі. Хоць пасля таго, што адбылося 25 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна сталіцы, увогуле ўзнікае пытанне, а ці быў працэс.



100_5900.jpg

Уладзімір Някляеў дзеліцца ўражаннямі з Ірынай Халіп і праваабаронцай Раісай Міхайлоўскай. Фота Генадзя Кеснера

Справа ў наступным. Палітык і паэт атрымаў позву ў згаданы вышэй суд на 10-ю гадзіну раніцы 25 ліпеня. Суддзя Вольга Коцур мелася вызначыць, ці адправіць былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду за краты, ці вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці пасля завяршэння адтэрміноўкі выраку.

Кантроль і «ціхары»

Яшчэ задоўга да дзясятай раніцы каля будынку Дома правасуддзя пачалі збірацца журналісты, а таксама паплечнікі Някляева. Ну і, натуральна, невядомыя асобы ў цывільным, хоць гэтых «невядомых» у твар ужо ведаюць як прадстаўнікі СМІ, так і актывісты грамадзянскай супольнасці.

У прызначаны тэрмін людзі ўзняліся на трэці паверх, дзе месціцца суд Ленінскага раёна Мінска. Варта адзначыць, што хоць на ўваходзе ў будынак у журналістаў ды іншых асобаў перапісалі дадзеныя з дакументаў, кантроль быў не такі жорсткі, як бывае звычайна падчас падобнных гучных мерапрыемстваў. Як быццам бы супрацоўнікі Дома правасуддзя ды ахоўнікі ведалі, што вельмі хутка ўвесь гэты кагал пакіне будынак.

100_5884.jpg

Уладзімір Някляеў ідзе ў суд. Фота Генадзя Кеснера

Сакратарка суда запрасіла Уладзіміра Някляева прайсці з ёй у кабінет суддзі. Літаральна праз хвіліну задуменны паэт і палітык выйшаў адтуль з нейкай папераю ў руках. Гэтая папера аказалася пастановаю суда аб зняцці з Уладзіміра Пракопавіча крымінальнага пакарання ў сувязі з заканчэннем адтэрміноўкі прысуду. Прыемная навіна, але не яна стала прычынаю здзіўлення і самога фігуранта, і прысутных.

Аказалася, што разгляд справы Някляева адбыўся яшчэ 23 ліпеня, у аўторак. Прычым, ні сам віноўнік урачыстасці, ні яго адвакат не тое што не былі запрошаныя на працэс, але ім нават не паведамілі пра яго. Мала таго, Някляеў у чацвер нават не ўбачыў суддзю Коцур, бо тая была занятая на нейкім іншым працэсе ў нейкім іншым памяшканні.

Як тое можа быць?

Пытанні, якіх не ставяць

Першая абаронца Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка, якая яшчэ падчас першага суда над палітыкам у 2011 годзе пазбавілася адвакацкай ліцэнзіі і, фактычна, атрымала забарону на прафэсію, выказала недаўменне з нагоды такіх паводзінаў суда. На думку вопытнага юрыста, Някляева і яго цяперашняга адваката мусілі папярэдзіць пра дату разгляду дадзенай справы. «Усё гэта выглядае вельмі дзіўна. Але гэта пытанні да суда, да якога ў нас пытанні не ставяць», — з іроніяй адзначыла Тамара Сідарэнка.

100_5898.jpg

Пастанова аб зняцці з Някляева ў руках яго першага адваката Тамары Сідарэнкі.

Фота Генадзя Кеснера

Сам Някяляеў выказаўся ў тым сэнсе, што ніякіх ілюзіяў да судовай сістэмы ў Беларусі не мае. Тым больш што ён ніколі не прызнаваў і не прызнае сябе вінаватым у тым, што яму інкрымінавалі пасля падзеяў 19 снежня 2010 году. Ён толькі паабяцаў, што і надалей разам з сябрамі па кампаніі «Гавары праўду!» будзе змагацца за тое, каб «сышоў гэты рэжым, які робіць нас усіх несвабоднымі». Наконт свайго ўдзелу ў выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе Някляеў яшчэ не вызначыўся, бо без адказу застаюцца яшчэ вельмі шмат пытанняў, як то ці будзе ён мець юрыдычныя магчымасці браць удзел у выбарчых кампаніях.

Па словах экспертаў, з судовай пастановы не зразумела, у якой ступені палітык абмежаваны ў сваіх правах, ці канчаткова знятая з яго судзімасць. І сам Някляеў не выключае магчымасці, што ўсё можа павярнуцца адваротным бокам. «Нават з гэтай папераю я не адчуваю сябе цалкам свабодным», — прызнаўся паэт.

Парушэнне законнасці

Сябра Рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Равяка упэўненая, што дзеянні суда Ленінскага раёна Мінска не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству.

«Я думаю, што гэтыя незаконныя дзеянні суда трэба абскарджваць. Гэта юрысты высокай кваліцікацыі, і тое, што зараз зроблена, а яны цалкам гэта ўсведамляюць, гэта зроблена па-за межамі заканадаўства. І тое, што суд прайшоў у закрытым рэжыме, без апавяшчэння самога Уладзіміра Пракопавіча, без удзелу як мінімум адваката, гэта ўсё проста па-за межамі нейкіх прававых каментароў, — лічыць праваабаронца. — Гэта палітычнае рашэнне толькі дзеля таго, каб зняць увагу з гэтага працэсу, каб не паказваць твараў тых суддзяў, якія ставяць свае подпісы пад прысудамі і пастановамі. Калі на судзе над Ірынай Халіп гэтыя твары былі паказаныя, то пасля гэтага суддзі прымаюць нейкія рашэнні для свайго нейкага ананімнага дзеяння. Гэта менавіта тое, што адбылося вось зараз».  

А амаль пры канцы, калі Някляеў завяршаў прамаўляць перад журналістамі, супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі затрымаць здымачную групу тэлеканалу «Белсат». Не атрымалася. Але асадак непрыемны застаўся. Ну, не могуць нашы праваахоўнікі без скандалаў!  Як і цалкам наша дзяржаўная сістэма ва ўсіх яе праявах.