«Стан нявызначанасці працягваецца тры тыдні». Калі адновіцца суд па справе Бабарыкі, невядома
Перапынак у судзе па справе Віктара Бабарыкі працягваецца, калі адновіцца працэс, баку абароны не паведамляюць, распавёў TUT.BY адвакат экс-банкіра Дзмітрый Лаеўскі.
Нагадаем, 23 лютага стала вядома, што ў судзе ў справе Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў «Белгазпрамбанка» быў аб`яўлены перапынак як мінімум да 9 сакавіка. Паводле інфармацыі TUT.BY, пасяджэнні адкладзеныя на такі тэрмін з-за хваробы аднаго з удзельнікаў працэсу. 9 сакавіка стала вядома, што пасяджэнняў 9 і 10 сакавіка не будзе, 15 сакавіка працэс таксама не аднавіўся.
—Паводле інфармацыі, якую нам паведамілі ў судзе, у бліжэйшыя дні працэс не адновіцца. Калі менавіта будзе пасяджэнне, нам не паведамляюць. Гэты стан нявызначанасці працягваецца ўжо тры тыдні. Не магу сказаць, што такая сітуацыя адпавядае законным інтарэсам нашага падабароннага, таму што ў працэсе, калі б ён працягваўся, была б ужо прадэманстравана неправамернасць крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі. Аднак перапынак працягваецца, — распавёў Дзмітрый Лаеўскі.
Працэс па «справе Белгазпрамбанка» і Віктара Бабарыкі, які мог стаць галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах летась у жніўні, пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёна.
Ужо на некалькі пасяджэнняў прэс-служба Вярхоўнага суда адмовілася акрэдытаваць журналістаў найбуйнейшых незалежных медыя — TUT.BY, Onliner, «Нашай Нівы», БелаПАН і інш. Афіцыйная прычына — прафілактыка каронавіруса, дэфіцыт месцаў, допуск дастатковай колькасці СМІ для таго, каб заявіць пра забеспячэнне галоснасці.
Па «справе Белгазпрамбанка» праходзяць восем фігурантаў. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі), і «атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430 КК, да 15 гадоў пазбаўлення волі). Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення «Белгазпрамбанка»), Кірыл Бадзей (в. а. старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» пасля сыходу Бабарыкі), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення «Белгазпрамбанка»), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў «атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры». Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг») абвінавачваецца ў «дачы хабару паўторна або ў буйным памеры».
tut.by