Спынены крымінальны пераслед журналістаў Быкоўскага і Кулецкага

Пра гэта БАЖ паведаміў сам Быкоўскі. Справа супраць журналістаў перакваліфікаваная паводле арт. 252 КПК «у сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнага ўздзеяння».

bykowski_1.jpg

Карэспандэнт Deutsche Welle ў Беларусі быў адным з 14-ці абвінавачаных па крымінальнай «справе БелТА», заведзенай супраць недзяржаўных журналістаў.
Таксама крымінальны пераслед спынены супраць галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.
Артыкул 86 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта тычыцца асоб, якія ўпершыню здзейснілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства і кампенсавалі шкоду, альбо выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, або іншым чынам загладзілі нанесеную злачынствам шкоду.

bykouski_2.jpg

7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.
Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.
Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Следчы камітэт абвінавачвае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: «справа БелТА» — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.
Паводле baj.by