Справа Макея: Аванс, параза ці жаданне прагрэсу
Гарачыя споры з нагоды неўязнога ў Еўрасаюз статусу кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі завяршыліся сёння ў Люксембургу на паседжанні Рады міністраў замежных спраў краін, што ўваходзяць у ЕС — ён выдалены з чорнага спіса.
Як адзначаецца ў рашэнні,
у адносінах да Уладзіміра Макея працягваюць дзейнічаць фінансавыя
санкцыі — яго магчымыя рахункі
і ўласнасць на тэрыторыі
Еўрасаюза па-ранейшаму павінны быць замарожаны.
Што ж адбылося сёння ў Люксембургу? На гэты і іншыя пытанні адказалі суразмоўцы карэспандэнта сайта «Таварыш.online».
На думку аднаго з лідараў кампаніі «Гавары
праўду» Андрэя Дзмітрыева, Еўропа «раздае авансы афіцыйнаму Мінску». «Сітуацыя ў адносінах Беларусь
- ЕС нагадвае двух упартых,
якія сутыкнуліся лбамі на мосце,
дзе для кожнага саступіць
значыць прайграць, зваліцца з
моста», — лічыць ён.
Звычайна, па яго словах, той, хто мацней можа зрабіць першы крок да нармальных адносін. Аднак у гэтай сітуацыі, кажа Дзмітрыеў, важна, каб і другі «ўпарты» ўспрымаў крок насустрэч не як слабасць, а як магчымасць пачаць рух па гэтым мосце па ўзаемна прымальных правілах.
«Інакш, можна вельмі хутка зноў стукнуцца лбамі. І ніякія «выняткі» не дапамогуць», — мяркуе прадстаўнік «Гавары праўду».
Арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, які змушаны жыць і працаваць у Лондане,
не бачыць у сённяшнім рашэнні нічога дзіўнага: «Варта было чакаць, што санкцыі з міністра замежных спраў будуць зняты».
Ён перакананы, што кіраўніцтва Еўразвяза перажывае «сур'ёзны
крызіс ідэй адносна таго, як дзейнічаць супраць беларускай дыктатуры»: «Ніводная стратэгія, якую ЕС распрацоўваў, не была даведзена да лагічнага канца: ні ўвядзенне цвёрдых санкцый, ні ўцягванне Лукашэнкі ў шчыльныя адносіны з ЕС, ні пакрокавая стратэгія правядзення лібералізацыі ў Беларусі».
Халезін кажа, што структура
Еўрасаюза не дазваляе наколькі-небудзь паспяхова дзейніць супраць жорсткіх рэжымаў, няхай гэта будзе Беларусь, Расія, ці мякчэйшы варыянт аўтарытарызму ва Украіне: «Кіраўніцтву
ЕС прасцей зняць санкцыі з міністра замежных спраў
Макея, каб прывозіць яго
на розныя саміты і канферэнцыі, весці з ім перамовы, і пераконваць сябе, што працэс дэмакратызацыі ў Беларусі рухаецца».
У той жа час, на яго думку, варта прызнаць, што сёння Лукашэнка «пераігрывае кіраўніцтва Еўрасаюза па ўсіх франтах, пашыраючы сваё лобі ў гэтай структуры, і выразна разумеючы, дзе ў ЕС болевыя кропкі, ціскам на якія можна дамагацца прыняцця выгадных для яго рашэнняў».
А вось лідар кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, якую называюць патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года, мяркуе, што ЕС проста стаміўся ад «цішыні» на беларускім кірунку. Яна называе вынятак
кіраўніка МЗС са спісаў неўязных «пачаткам новай «лібералізацыі», якая «цяпер завецца па-моднаму «мадэрнізацыяй».
«Але ў прынцыпе гэта азначае, што пасля трох гадоў чакання еўрапейскія палітыкі хочуць хоць нейкага прагрэсу ў «беларускім пытанні», хай нават і «касметычнага». Для беларускай апазіцыі гэта па-ранейшаму азначае, што Еўрасаюз гатовы падтрымваць дэмакратыю і цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, але, па-ранейшаму, не бачыць у беларускай апазіцыі партнёра і суб'екта», — пераканана Карач.
Лідар «Нашага дома» згодна з думкай, што сённяшняе рашэнне — гэта саступка Еўропы, якую яны для сябе хутчэй разумеюць, як «працягнутую руку для дыялогу з Аляксандрам Лукашэнкам». «Мяч цяпер на беларускім боку і ад паводзін беларускай улады залежыць, гэты дыялог выльецца ў нейкі новы віток «старых песень пра галоўнае», ці скончыцца толькі шэнгенскай візай для міністра замежных спраў Беларусі», — рэзюмавала яна.
Фёдар Кастроў, «Товарищ.online»