«Скончыцца эміграцыйны крызіс — пачнецца наркатычны. І ў Еўропе гэта цудоўна разумеюць»

У ЕС цудоўна разумеюць, што пачынаць торг праз міграцыйную праблему абсалютна бесперспектыўна, бо з’явіцца іншая праблема. Сёння ўжо паабяцалі праблему з наркотыкамі, якія будуць трафікам праз Беларусь у Еўропу паступаць, перадае словы былога супрацоўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатола Котава «Свабода».

59778717_303.jpg

Анатоль Котаў, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які звольніўся падчас леташніх пратэстаў, пракаментаваў тэлеканалу «Настоящее время» тэлефонныя размовы Меркель і Лукашэнкі, а таксама сказаў, пра што, на ягоную думку, Еўрасаюз можа дамаўляцца з апошнім.

— Лукашэнка патрабуе прызнання яго прэзідэнтам і зняцця санкцый, а Меркель (ці Еўропа ў асобе Меркель) патрабуе вярнуць мігрантаў назад на радзіму ці даць ім статус уцекачоў у Беларусі, ну а пакуль, каб ім цёпла хаця б, каб яны не змерзлі. А хто на якія саступкі, на вашую думку, можа пайсці?

— Ну, уласна кажучы, Еўропа абазначыла, што ніякіх саступак у плане пачатку торгу, пачатку дыялогу, пачатку прызнання яны не збіраюцца рабіць. І калі ўважліва прачытаць заключную частку паведамлення пра размову [Меркель з Лукашэнкам 17 лістапада], там чорным па белым па-нямецку напісана: «Мы працягнем кантакты па тэме міграцыі», і на гэтым кропка. То-бок ні па якіх тэмах Ангела Меркель, Жазэп Барэль не плануюць кантактаваць. Лакальны крызіс і не больш за тое. І тое з меркаванняў гуманізму.

— Калі Еўропа не гатовая ісці на саступкі, чаму тады Лукашэнка павінен ісці на саступкі? Проста баючыся чарговага пакету санкцый? Можа, тады саступкай будзе непрыняцце новых санкцый?

— Насамрэч пяты пакет санкцый, які будзе апублікаваны ў днямі, ён ёсць адказам на тыя дзеянні, якія былі ўчыненыя некалькі месяцаў таму. І тут ніякіх паставаў для саступак з боку Еўрапейскага саюза не праглядаецца. У ЕС цудоўна разумеюць, што пачынаць торг праз міграцыйную праблему абсалютна бесперспектыўна, бо з’явіцца іншая праблема. Сёння ўжо паабяцалі праблему з наркотыкамі, якія будуць трафікам праз Беларусь у Еўропу паступаць. Ну вось — скончыцца эміграцыйны крызіс, пачнецца наркатычны.

Не вырашаецца праблема ўвогуле ніяк, калі вычленіць асобны ейны аспект. Мігранты, наркотыкі. Гэта не вырашае праблему палітвязняў, гэта не вырашае праблему ўзнікнення такіх крызісаў у далейшым, абсалютна. І ў Еўропе гэта цудоўна разумеюць. Таму сам па сабе званок можна разглядаць як паблажку і саступку.

— Але на гэтую паблажку і саступку падштурхнуў вось гэты крызіс?

— Падштурхнула гаротнае становішча людзей, якіх выкарыстоўваюць у якасці інструмента гібрыдных дзеянняў у дачыненні да Еўрапейскага саюза. Не спыняючыся на тым, якімі матывамі яны кіраваліся, прыязджаючы на мяжу Польшчы, Літвы, Латвіі і Беларусі, яны ўсё роўна людзі і заслугоўваюць чалавечага стаўлення, больш-менш камфортных умоваў і права на жыццё.

— Я проста не магу зразумець, што павінна прымусіць Лукашэнку адступіцца? Сама наяўнасць гэтага званка?

— Адступіцца можа прымусіць толькі жорсткая пазіцыя Еўрапейскага саюза.

— Пагроза шостага пакету санкцый?

— Пагроза шостага пакету санкцый; дэманстрацыя таго, што міграцыйная атака на ўсходнія рубяжы Еўрапейскага саюза правалілася. План не спрацаваў. Стрэлаў на мяжы, як бы каму ў Мінску ні хацелася, з польскага, літоўскага ці нейкага іншага боку не прагучала. То-бок не было таго, што можна было б кваліфікаваць як акт агрэсіі.

Хаця пра гэта ўжо месяц гаворыцца ў Мінску ад афіцыйных асобаў да самых розных дзяржаўных ці калядзяржаўных медыя. Што ўсё ідзе да таго, што там пачнуць страляць або ўжо страляюць па-над галовамі і так далей і да таго падобнага. Але ўсё гэта разбілася аб дастаткова жорсткую пазіцыю: нікога не пускаць, рэагаваць на ўсё крайне стрымана. Таму атака правалілася, і трэба гэты крызіс неяк адматаць назад.