Скачок у прорву. Беларусь — сярод флагманаў па колькасці накладзеных санкцый

Напрыканцы мінулага года выйшаў абноўлены рэйтынг «Найбольш санкцыянаваных краін свету», у якім наша краіна атрымала надзвычай адмоўны вынік — пятае месца, наперадзе планеты ўсёй! Адметна і тое, што на галоўнай старонцы мінулага топа, што датуецца сакавіком 2022 года, Беларусі ўвогуле няма: на яе пазіцыі знаходзілася Венесуэла.

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту


Арганізацыя Castellum.AI, якая выконвае місію па прадухіленні патэнцыйных партнёраў ад супрацоўніцтва з кампаніямі і асобамі, што здзейснілі ці працягваюць здзяйсняць фінансавыя злачынствы, штогод складае рэйтынг найбольш санкцыянаваных дзяржаў свету.

Гэтым разам у топ да аўтарытарных краін з найніжэйшым узроўнем жыцця ўклінілася Беларусь: ёй прысудзілі пятую пазіцыю з 1454-ма накладзенымі і на бягучы момант актыўнымі санкцыямі. У так званы «год міру і тварэння» беларускія прадпрыемствы, фізічныя і юрыдычныя асобы атрымалі столькі пакаранняў, што краіна размясцілася побач з Іранам, Паўночнай Карэяй, Сірыяй, Венесуэлай ды М’янмай.

Адзначым, што ў рэйтынгу, які быў складзены гэтай жа арганізацыяй паўтара гады таму, адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, на месцы Беларусі знаходзілася Венесуэла. На той момант паўднёваамерыканская краіна мела 650 дзеючых санкцый, а замыкала спіс Куба — з 208-мю пакараннямі. Цяпер Беларусь мае паказальнік у 5,5 разоў вышэйшы за адсталую краіну «трэцяга свету».

Найбольш санкцыянаваныя краіны свету. Снежань-2023. Выява: «Statista»

Найбольш санкцыянаваныя краіны свету. Снежань-2023. Выява: «Statista»

«Каралеўскую» пазіцыю другі год запар займае Расія з рэкорднымі 18 772 санкцыямі. Да такога выніку цяпер далёка імкнуцца нават Ірану, які дзесяцігоддзямі з’яўляўся найбольш санкцыянаванай дзяржавай у гісторыі. У выніку нападу на Украіну краіна-агрэсарка стала сапраўдным фінансавым злачынцам: яшчэ ніколі не было прэцэдэнтаў з такім аб’ёмам пакаранняў у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб на адну краіну. Новая расійская рэальнасць амаль у шэсць разоў перавышае колькасць санкцый да дня, калі Уладзімір Пуцін прызнаў Луганскую і Данецкую вобласці Украіны незалежнымі рэспублікамі.

«Як паказвае наш графік, заснаваны на даных, агрэгаваных Castellum.AI, уварванне Пуціна прасунула Расію міма аднаго з самых вялікіх ворагаў Злучаных Штатаў у Заходняй Азіі», — адзначае выданне «Statista».

Найбольш санкцыянаваныя краіны свету. Сакавік-2022. Выява: RankingRoyals

Найбольш санкцыянаваныя краіны свету. Сакавік-2022. Выява: RankingRoyals

Аналітыка Castellum.AI пералічвае сектары з накладзенымі ці, насупраць, неанансаванымі санкцыямі, а таксама буйныя эканомікі, якія далучыліся да прыняцця мер супраць краіны-агрэсаркі па адпаведнай сферы. Так, да замарозкі замежных рахункаў, санкцый супраць дзяржаўнага доўгу, SWIFT-абмежаванняў далучыліся Еўрасаюз, Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Канада ды Японія; да карэспандэнцкіх банкаўскіх санкцый — ЗША і Злучанае Каралеўства.

Немалаважнай падзеяй з’яўляецца вызнанне Літвой Расіі дзяржавай-тэрарысткай 10 траўня 2022 года. Праз два месяцы балтыйскія краіны падтрымалі Украіна, Чэхія, Латвія, Эстонія, Славакія, Нідэрланды, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы і NATO.

У цяперашнім раўндзе санкцый супраць Расіі лідзіруюць ЗША, Канада і Швейцарыя з 3551, 2765 і 2225 абмежаваннямі адпаведна. Большая частка гэтых санкцый накіравана на фізічных асоб, амаль 5 тысяч — супраць юрыдычных, больш за 200 выпадкаў — на плавальныя судны, бізнес-джэты, самалёты расійскіх бізнесоўцаў і транспартныя кампаніі. У гэтыя лічбы не ўключаны сектаральныя санкцыі, такія як агульнае гандлёвае эмбарга на газ і нафту.

Глядзіце таксама

Найбольш жорсткія сектаральныя санкцыі, абвешчаныя 26 лютага, адключылі ўрад Расіі ад замежных рэзерваў, якія знаходзіліся за мяжой, а таксама абмежавалі доступ расійскіх банкаў да глабальнай сістэмы абмену транзакцыямі SWIFT. У выніку расійскі ўрад страціў доступ да прыкладна 50% сваіх замежных рэзерваў.

У дадатак да санкцый, уведзеных нацыянальнымі дзяржавамі і кіруючымі органамі, больш за 1000 кампаній паспяхова, у даволі хуткім тэмпе, сышлі з расійскага рынку. Сярод іх найбуйнейшыя цяжкавагавікі, такія як Boeing (прыпыненне тэхнічнага абслугоўвання); Volkswagen, Mercedes-Benz, BMW (поўны сыход з рынку);  Google, Disney, YouTube, EPAM (адказ ад аказання паслуг, адключэнне манетызацыі). Сыход гігантаў вельмі падкасіў расійскую эканоміку і, безумоўна, будзе яшчэ мацней уздзейнічаць у будучыні, што б у адказ не заяўлялі расійцы. Шматлікія кампаніі, як, напрыклад, Ford Motors, заявілі, што не вернуцца ў Расію нават пасля перамогі Украіны, бо свядомасць расійцаў наўрад ці зменіцца, а імперыялістычныя амбіцыі нікуды не знікнуць.

Ford і Chevrolet разам выказалі падтрымку Украіне 150 новенькімі пазадарожнікамі

Ford і Chevrolet разам выказалі падтрымку Украіне 150 новенькімі пазадарожнікамі

У адрозненне ад Расіі, большасць з пералічаных кампаній працягваюць дзейнасць у Беларусі.

Найгалоўнейшыя санкцыі, прынятыя на працягу 2023 года супраць рэжыму Лукашэнкі Еўрасаюзам, накіраваны на спыненне экспарту агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, тавараў і тэхналогій, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай галіне, а таксама на забарону экспарту шэрагу тавараў і тэхналогій, якія спрыяюць ваенна-тэхнічнаму ўдасканальванню Беларусі. Польшча абвясціла пра новы пакет санкцый у дачыненні да 365 грамадзян Беларусі: прадстаўнікоў праваахоўных органаў, судовай сістэмы, прапагандысцкіх СМІ ды іншых праўладных дзеячаў. Канада, Аўстралія, Чэхія, Вялікабрытанія, ЗША, Паўднёвая Карэя ды іншыя дзяржавы значна пашырылі санкцыйныя спісы, накіраваныя на замарозку актываў беларускіх прадпрыемстваў ды абмежаванняў супраць сотняў фізічных асоб. Асаблівая ўвага была нададзена эканамічнаму знішчэнню вайскова-абарончых структур і фабрык. 

*****

Castellum.AI зберагае і захоўвае даныя пра эканамічныя і фінансавыя злачынствы пэўных палітычных ды грамадскіх дзеячаў, кампаній, дзяржаў, каб ацаніць рызыкі санкцый, псавання рэпутацыі ды зрабіць іх агульнадаступнымі для кожнага. Інфармацыя пра кожны ўчынак ды накладзеныя санкцыі сабрана з тысяч крыніц і аб’яднана ў дакладную статыстыку.