Сёння Лукашэнка ў Маскве абмяркуе Саюзную дзяржаву і сустрэнецца з Пуціным
Аляксандр Лукашэнка сёння ў Маскве прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Парадак дня пасяджэння ўключае больш за 10 пунктаў. Плануецца, што на ВДС будуць разгледжаны вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў 2013-2014 гадах, прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады). У цэнтры ўвагі на маючым адбыцца пасяджэнні таксама пытанне аб выкананні праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2014-2015 гады.
Традыцыйна ў парадак дня пасяджэння ўключаны пытанні, якія датычацца выканання і фарміравання бюджэту Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што на ВДС могуць быць таксама разгледжаны перспектывы і напрамкі па
паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
Праграмай візіту кіраўніка беларускай дзяржавы акрамя непасрэдна ўдзелу ў пасяджэнні ВДС запланавана двухбаковая сустрэча з Уладзімірам Пуціным.
Як паведамлялася, па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Маскве прадугледжваецца падпісанне шэрага дакументаў. Акрамя рашэнняў ВДС па пытаннях парадку дня плануецца падпісанне чатырох
двухбаковых дакументаў, якія рэгулююць адносіны дзвюх краін у міграцыйнай і сацыяльнай сферах. Сярод іх — пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні
аліментаў; пагадненне аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы; пагадненне аб парадку абмену звесткамі аб
грамадзянах Беларусі і Расіі, адносна якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд; пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на свабоду
перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 года.