Сітуацыя ў Беларусі будзе ў цэнтры ўвагі шведскага старшынства АБСЕ
Сітуацыя ў Беларусі будзе на парадку дня шведскага старшынства ў АБСЕ, якое пачалося ў першы дзень новага году, заявіла кіраўнік МЗС краіны Ан Ліндэ, перадае Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
«Прыярытэтнымі пытаннямі падчас старшынства Швецыі будуць зацяжныя канфлікты ў рэгіёне, абарона еўрапейскай сістэмы бяспекі і засяроджванне ўвагі на дэмакратыі, вяршэнстве закону, правах чалавека і гендарнай роўнасці як часткі працы па ўсталяванні міру і бяспекі. Гэта канфлікты і крызісы, якія працягваюцца ў рэгіёне АБСЕ, а таксама сітуацыя, якую мы назіраем у Беларусі, Украіне і вакол яе, рост напружанасці вакол Нагорнага Карабаху патрабуюць нашай агульнай увагі. Гэта, вядома, будзе на парадку дня з пачатку году», — падкрэсліла Ліндэ на сваёй старонцы ў Твітары.
Паводле яе слоў, дзясяткі тысяч дэманстрантаў у Беларусі выступаюць за гарантаванне іх правоў, і Швецыя заўсёды падтрымлівае людзей, якія патрабуюць дэмакратыі.
Старшынства ў АБСЕ перайшло да Швецыі ад Албаніі. Праз некалькі дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі дзейны на той момант старшыня АБСЕ прэм’ер-міністр Албаніі Эды Рама накіраваў беларускім уладам ліст з просьбай арганізаваць візіт для яго і будучага старшыні арганізацыі Ан Ліндэ для сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду і апазіцыі. Ён падкрэсліў, што адкрыты і канструктыўны дыялог неабходны для таго, каб Беларусь магла рухацца далей, і АБСЕ гатова аказаць гэтаму садзейнічанне.
Беларускія ўлады не далі згоды на візіт і адкінулі неаднаразовыя прапановы аб пасярэдніцтве АБСЕ для выхаду з палітычнага крызісу.
Ан Ліндэ не раз жорстка выказвалася ў адрас афіцыйнага Мінска. У сярэдзіне лістапада яна сустрэлася з экс-кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай.