Сілавікоў у вайсковым блоку зноў «ператасавалі»
У асяроддзі «государевых людей» чарговыя «кадравыя перастаноўкі».
Калі ў краіне і адбываюцца змены, дык толькі ў прозвішчах на чыноўніцкіх пасадах. Сёння Лукашэнка правёў чарговыя «кадравыя перастаноўкі», паведамляе БелТА.
Палкоўнік Сяргей Фралоў, які кіраваў зенітна-ракетнымі войскамі, прызначаны начальнікам Галоўнага штаба-першым намеснікам камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны.
Звольнены і адпраўлены на пенсію генерал-маёр Генадзь Казлоўскі — начальнік ракетных войскаў і артылерыі. На яго месца прызначаны палкоўнік Руслан Чэхаў, які да гэтага быў намеснікам Казлоўскага.
З пасады першага намесніка старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Лукашэнка звольніў генерал-маёра Ігара Дземідзенку. Але яго не адпусцілі ў «вольнае плаванне»: Дземідзенка адкамандзіраваны ў Міністэрства абароны. Да работы на апошняй пасадзе ён быў камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.