Шостая калона
Яшчэ Ленін ўсведамляў небяспеку, што сыходзіла ад адміністратыўна-бюракратычных метадаў кіравання: «Все у нас потонуло в паршивом бюрократическом болоте ведомств... Ведомства — говно; декреты — говно» (21 лютага 1922 года).
Мы неяк прызвычаіліся, што ў Беларусі існуе «пятая калона». Адзіны палітык (АП) нам увесь час пра яе нагадвае. Больш за ўсё яго раздражняе, калі пятая калонная адмаўляюцца гуляць па яго правілах (а іншых правілаў няма) у выбарчых кампаніях: «Поэтому я часто говорю: это не оппозиция. Оппозиция будет бороться, бороться за власть, за интересы народа или еще за что-то. А это пятая колонна, они действуют в интересах определенных сил, которые порой находятся за пределами нашей страны».
Асноўная задача пятай калоны — дэстабілізацыя становішча ў краіне. Асноўны інструмент — вяканне. У выключных выпадках пятая калона здольная на пэўныя ўчынкі. Набярыце ў інтэрнэце тры словы: «Беларусь», «пацук», «вядро». За 0,3 секунды інфармацыйная памыйніца выме са сваіх нетраў гісторыю, якую ў 2006 годзе распавёў свету беларускі чыноўнік з вялікімі зоркамі на пагонах. Гэта гісторыя пра юнака, які планаваў «забіць мыш ці пацука і кінуць яе труп у вядро з вадой. А потым гэту ваду з вядра ўліць у сістэму водазабеспячэння».
Але патрапіць у сістэму водазабеспячэння атручанай вадзе не было наканавана. Спецслужбы спрацавалі аператыўна. Адзіная беларуская нацыя можа спаць спакойна. Колькасць айчыннай пятай калоны не дацягвае і да 1000 чалавек і, паводле інфармацыі АП: «мы их всех поименно знаем, и они только в Минске сидят».
Не валодае, але распараджаецца
Белстат яшчэ не падвёў канчатковыя вынікі 2013 года, але за студзень-лістапад з дзевяці найбольш важных параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананыя толькі два. Каб знайсці адказ на класічнае пытанне: «Хто вінаваты?» звернемся ў чарговы раз да АП: «Созидательный потенциал нашего народа огромен, а главные препятствия на пути реализации его творческих возможностей — это бюрократ и бюрократизм. В свое время, сковав намертво творческие силы, инициативу людей, бюрократы стали одной из главных причин гибели советского общества».
Паводле артыкула 1 сталінскай канстытуцыі 1936 года: «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная дзяржава рабочых і сялян». У артыкуле 1 Брэжнеўскай канстытуцыі 1977 года гаворка ідзе пра агульнанародную дзяржаву, якая выказвае «волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцяў краіны».
З прыведзеных фармулёвак робіцца відавочна, што іх аўтары (прынамсі, на ўзроўні дэкларацый) не адрознівалі дзяржаву і грамадства. Што ж тады азначае слоган: «Дзяржава для народа», які ўпрыгожвае галоўную старонку абноўленага сайта АП?
Я думаю, што мы маем справу з несвядомым вяртаннем да Маркса. Класік разглядаў бюракратыю ў якасці суб’екта, які лічыць сябе «канчатковай мэтай дзяржавы» і імкнецца ператвараць дзяржаўныя задачы ў канцылярскія, а канцылярскія — у дзяржаўныя.
У сваю чаргу, дзяржава паводле Маркса — гэта інструмент палітычнага панавання класа, які валодае сродкамі вытворчасці. Сродкамі вытворчасці ў Беларусі бюракратыя не валодае, але яна імі распараджаецца. Прычым памыляецца той, хто лічыць, што беларуская бюракратыя «абмежаваная ў правах», г. зн. пазбаўленая магчымасці распараджацца недзяржаўнымі сродкамі вытворчасці (прыватнай уласнасцю). У Беларусі «зона ответственности каждому определена гласно или негласно». Асобна ж для ўладальнікаў банкаў у лістападзе 2013 года АП растлумачыў: «Думаю, банкиры меня услышали. И мне неважно, какие они и с каким капиталом: западным, российским или белорусским. Вы пришли сюда работать, вы обещали эту стабильность — работайте вместе с правительством».
Хто прымае рашэнні?
Гісторыя дасавецкай дзяржавы — гэта гісторыя прыхаванай барацьбы кіроўнай эліты з уласнай бюракратыяй. Гісторыя савецкай дзяржавы — гэта гісторыя трансфармацыі вышэйшых пластоў бюракратыі ў кіроўную эліту (наменклатуру).
Здавалася б, манапалізацыя права на прыняцце рашэнняў павінна была адмежаваць наменклатуру ад любых знешніх замахаў. Аднак ужо ў першы дзень свайго тварэння наменклатура сутыкнулася з праблемай, якую яна не здольная вырашыць. Уся справа ў тым, што ў сучасным дынамічным свеце выжывае толькі той, хто здольны развівацца.
Наменклатура ў гэтым сэнсе не з’яўляецца выключэннем. Манапалізаваўшы правы на прыняцце рашэнняў, яна прыняла на сябе адказнасць за развіццё. Але Бог стварыў бюракратыю, каб панаваць, а не кіраваць. «Бюракратыя, — сцвярджаў нямецкі палітолаг Ральф Дарэндорф, — безгаловая па вызначэнні. Бюракраты павінны лаяльна і кампетэнтна выконваць рашэнні, прынятыя іншымі».
Бюракратычная логіка — гэта логіка справаздачнасці: за першы квартал арганізавана вось столькі круглых сталоў, з вось такой колькасцю ўдзельнікаў, абмеркаваныя наступныя пытанні… і г.д. А там, дзе пануе логіка справаздачнасці, галоўным сэнсам любой дзейнасці становяцца прыпіскі.
Барацьба з прыпіскамі — гэта сізіфава праца, на якую асуджаны першыя асобы бюракратычных іерархій. Не абмінула гэта і АП. Абмяжуюся адным прыкладам: «Все это вранье по разгрузке складов, как это выглядит сегодня у нас — вывезли в Литву, Россию, еще куда-то, денег не получили, а сложили там у дилеров на складах тракторы, автомобили... Скажу публично, это обернется кому-то камерой».
«Бюракраты, — і тут я вымушаны зноў працытаваць Дарэндорфа, — павінны лаяльна і кампетэнтна выконваць рашэнні, прынятыя іншымі». Але хто гэтыя таямнічыя «іншыя»? У якіх закутках беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі яны хаваюцца?
Здавалася б, каб знайсці «іншых», талентаў Шэрлака Холмса мець не трэба. Для кожнага канкрэтнага бюракрата «іншым» з’яўляецца яго непасрэдны начальнік. Ён і прымае рашэнні. Праблема, аднак, палягае ў тым, што сваімі рашэннямі начальнік абавязвае падначаленых… прымаць рашэнні. Але ў падначаленых, як правіла, ёсць свае падначаленыя.
Добрае пытанне
Для замацавання сказанага вышэй звярнуся па дапамогу да таварыша Сталіна: «Неабходна падбіраць працаўнікоў так, каб на пастах стаялі людзі, што ўмеюць ажыццяўляць дырэктывы, могуць зразумець дырэктывы, могуць прыняць гэтыя дырэктывы як свае родныя і здольныя праводзіць іх у жыццё. У адваротным выпадку палітыка губляе сэнс, ператвараецца ў маханне рукамі».
Залатыя словы, і сказаныя яны на адрас кадраў, якія «вырашаюць усё». Дакладней, павінны вырашаць усё. Павінны, але не вырашаюць, таму што такіх бюракратаў-шматстаночнікаў у прыродзе ніколі не існавала.
А як жа першы спадарожнік? Добрае пытанне. Першы спадарожнік — гэта выключэнне, што стала магчымым дзякуючы накладанню шэрагу нестандартных для бюракратычных сістэм акалічнасцяў.
Запазычанне напрацовак Германіі — гэта па-першае. Хто сумняваецца, хай набярэ ў Google «Капусцін Яр». Я ж абмяжуюся цытатай з Вікіпедыі: «18 кастрычніка 1947 года ў 10:47 па маскоўскім часе здзейснены першы старт балістычнай ракеты ў СССР. У перыяд з 18 кастрычніка па 13 лістапада 1947 года былі запушчаны 11 ракет Фау–2» (Фау–2 — першая ў свеце балістычная ракета, распрацаваная нямецкім канструктарам Вернерам фон Браўнам і прынятая на ўзбраенне Вермахта ў канцы Другой сусветнай вайны).
Па-другое, прадстаўленне поўнай свабоды прадстаўнікам тэхнічнай інтэлігенцыі, што адказваюць за ядзерна-ракетны шчыт краіны. Як тут ні прыгадаць рэпліку фізіка Пятра Капіцы на адрас Берыі: «Я не чытаў вашых прац, а вы — маіх, але па розных прычынах». Чым адказаў Берыя? Нічым. Ён абцёрся.
Па-трэцяе, свядомае фармаванне канкурэнтнага асяроддзя ў сферы стварэння ўзбраенняў: у ракетабудаванні, напрыклад, канкуравалі канструктарскія бюро Каралева і Чаламея.
Па-чацвёртае, прадстаўленне тэхнічным кіраўнікам праектаў практычна нічым не абмежаваных матэрыяльных і ўладных рэсурсаў. Акадэмік Курчатаў зваў міністраў «рукребятами» («руководящими ребятами»). Ён даваў ім даручэнні наўпрост, без узгаднення з Палітбюро.
Пуга, чаравікі і канкурэнцыя
Савецкі варыянт мадэрнізацыі, якая даганяе, дзе ролю суб’екта развіцця наменклатура ўсклала сама на сябе, свет назіраў на працягу 73 гадоў. «Труба» адклала надыход «найвялікшай катастрофы XX стагоддзя» гадоў на 10–15, але ў 1985 годзе кошт на нафту зменшыўся ў 6,2 разу, і здарылася тое, што і павінна было здарыцца.
Наменклатура амаладзіла свае шэрагі, зрабіла шэраг саступак рынку ды пайшла на другі круг. Вось ужо дваццаць гадоў яна неяк спадобілася не выпадаць з яго. І зноў не без дапамогі «трубы». Але рэсурсаў катастрафічна не хапае. Адсюль бесперапынныя спробы стварыць крыніцы эканамічнага росту, не звязаныя са здабычай і перапрацоўкай сыравіны.
Але гэта задача іншага ўзроўню складанасці. Здабываць сыравіну ўмеюць і сяржанты ў Афрыцы. «Любы дурань, — тут я цытую эканаміста Людвіга фон Мізеса, — можа ўзяць пугу і прымусіць іншых людзей падпарадкавацца. Але толькі мала хто можа вырабляць чаравікі танней і лепш за канкурэнтаў. Няўмелы спецыяліст заўсёды будзе імкнуцца да бюракратычнага панавання. Ён выдатна ведае, што не можа дамагчыся поспеху ў рамках канкурэнтнай сістэмы. Усебаковая бюракратызацыя — гэта яго выратаванне. Абапіраючыся на ўладныя паўнамоцтвы сваёй установы, ён будзе дамагацца выканання сваіх рашэнняў пры дапамозе паліцыі».
Спробы сіламі бюракратыі мадэрнізаваць прадпрыемства дрэваапрацоўкі з мэтай вытворчасці фанеры «лепш за канкурэнтаў» — аналаг спроб Мюнхгаўзена выцягнуць сябе за валасы з балота.
Адзіны крытэр поспеху для бюракрата — адсутнасць незадаволенасці з боку начальніка. Асноўная ж асаблівасць цяперашняй сітуацыі палягае ў тым, што дамагчыся станоўчых ацэнак сваёй працы з боку галоўнага начальніка наменклатура не здольная ў прынцыпе.
Мадэрнізацыя патрабуе творчасці і асабістай ініцыятывы — г. зн. абавязковых для прадпрымальнікаў якасцяў. А высілкі па выбіванні творчасці з наменклатуры фармуюць у яе шэрагах шостую калону. Успомнім Хрушчова з яго ініцыятывамі…