СБУ: Мінска-2 не будзе — тэрарысты не выконваюць мінскія дамоўленасці

Саветнік старшыні Савета бяспекі Украіны Маркіян Лубкіўскі выключае магчымасць правядзення паўторных перамоў кантактнай групы ў Мінску.



ru_ua_osce_2_2452.jpg

"Мінска-2 не будзе. У нас ёсць Мінск-1 і тыя дамоўленасці, якія трэба выконваць, якія Украіна спраўна выконвае і не выконваюць тэрарысты", — сказаў ён у эфіры тэлеканала 1+1, паведамляе ўкраінскае агенцтва УНІАН


У сваю чаргу пасол па асобных даручэннях Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Кулеба адзначыў, што ў МЗС гатовыя працягваць трохбаковы фармат перамоў, але толькі ў частцы выканання ўмоў пакета дамоўленасцяў, якія падпісалі і абавязаліся выконваць баевікі і Расія. 


Паводле слоў Кулебы, тэрарысты павінны аднавіць абмен палоннымі, прытрымлівацца рэжыму спынення агню і перадаць кантроль над мяжой сілам АТА. 


Раней, нагадаем, амаль усе бакі перамоўнага працэсу прызналі, што мінскія дамоўленасці не выконваюцца, вінавацячы адзін аднаго ў іх зрыве. 


Так, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на пасяджэнні Савета нацыянальнай бяспекі і абароны 4 лістапада заявіў, што мінскія дамоўленасці выконваліся толькі Украінай і АБСЕ. Ён адзначыў, што Украіна была і застаецца цвёрдым прыхільнікам мірнага вырашэння канфлікту на ўсходзе, але, акрамя АБСЕ і Украіны, іншыя падпісанты мінскіх дамоўленасцяў іх не выконваюць. "Гэта датычыцца як рэжыму спынення агню, як стварэння буфернай зоны, як выразных абавязацельстваў неадкладнага вызвалення ўсіх заложнікаў, адвядзення цяжкай артылерыі, перакрыцця ўкраінска-расійскай дзяржаўнай мяжы і ўсталявання ўкраінскага кантролю над гэтым участкам мяжы. Ні па адным з гэтых кірункаў не было ніякага прагрэсу", — заявіў Парашэнка. 


У сувязі з апошнімі паведамленнямі маніторынгавай місіі арганізацыі пра абстрэлы і іх ахвяры ў Данецку, а таксама з'яўленні канвою з цяжкім узбраеннем і танкамі на тэрыторыі, што кантралюецца незаконнымі ўзброенымі групамі", дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швейцарыі Дзідзье Буркхальтар 8 лістапада заклікаў канфліктуючыя на ўсходзе Украіны бакі выконваць мінскія дамоўленасці. Ён выказаў глыбокую заклапочанасць аднаўленнем насілля ва ўсходніх раёнах Украіны і "дзеянняў, якія вядуць да большай кволасці замест далейшай стабілізацыі сітуацыі". 


У сваю чаргу віцэ-прэм'ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін заявіў, што мінскія пагадненні не працуюць ні ў адным з пунктаў. Часткова, адзначыў ён, яны працавалі па лініі размежавання паміж Кіевам і апалчэнцамі, на трох чвэрцях тэрыторыі якой сапраўды не ішлі баявыя дзеянні. "Усё астатняе амаль не працавала. Гэта значыць Украіна спыніла абмен. Украіна не адвяла цяжкае ўзбраенне, працягвала абстрэльваць жылыя кварталы і забіваць мірных жыхароў. І Украіна не пачала нават размініравання тых мінных палёў і не перадала дакументы на тыя мінныя палі, якія пакінула на нашай тэрыторыі. Гэта значыць, па вялікім рахунку, не працаваў ніводзін пункт з пагадненняў. Чаму? Таму што ўпісана ў функцыі кантролю за АБСЕ, якія гэтага кантролю не мелі", — заявіў Пургін у інтэрв'ю праграме "Вести в субботу с Сергеем Брилевым" 8 лістапада. 


Ён таксама дадаў, што абмены палоннымі паміж сілавікамі і апалчэнцамі былі спыненыя амаль тры тыдні таму. Таксама абмены былі праведзеныя напярэдадні выбараў у раду, якія, паводле меркавання Пургіна, былі праведзеныя толькі для таго, "каб паказаць, што быццам бы Украіна выконвае мінскія пагадненні". "Мы прапаноўваем зрабіць механізм з удзелам трэціх асоб, напрыклад Расійскай Федэрацыі, з тым каб мець нармальнага кантралёра за выкананнем мінскіх дамоўленасцяў", — дадаў Пургін. 


Нагадаем, кіеўскія ўлады і прадстаўнікі апалчэння 5 верасня ў Мінску дамовіліся аб перамір'і, абмене палоннымі і дасягнулі некаторых палітычных дамоўленасцяў, у прыватнасці пра абавязацельства Украіны амніставаць апалчэнцаў і прыняць закон аб асобым статусе шэрагу раёнаў Данбаса. Абодва бакі, у адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі, застаюцца на занятых пазіцыях. 19 верасня бакі падпісалі мемарандум аб выкананні палажэнняў пратакола. У канцы лістапада прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР паведамілі, што самым найбліжэйшым часам можа адбыцца чарговы раўнд мірных перамоў. Марына Носава, БелаПАН