Рыгор Астапеня: Год паказаў, што Мінск зусім не жадае вялікага збліжэння з Расіяй
Колькі б не было заяваў аб «братняй інтэграцыі», сам працэс за 2019 год не прасунуўся ні на ёту, нават па роўмінгу ня зблізіліся.
На думку кіраўніка Цэнтра новых ідэй Рыгора Астапеня, «паглыбленая інтэграцыя» Беларусі і Расіі, якая стартавала з заявы расійскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева год таму, засталася на кропцы старту. «Ёсць нейкае адчуванне, што справа інтэграцыі за апошні год не прасунуліся зусім. Абмеркаванне працэсу, усіх гэтых дарожных карт ідзе пастаянна (ва ўсякім выпадку, пра абмеркаванне кажуць, хоць змест невядомы), але рашэнняў, на самай справе, няма ніякіх, — адзначыў у інтэрв’ю Thinktanks.by Рыгор Астапеня. — Мы рэгулярна, раз у месяц як мінімум, чуем, што вось-вось будзе прарыў, што бакі да нечага там блізкія — але нічога не адбываецца. Таму ёсць пэўны скепсіс з нагоды фіналу перамоў — можа быць, наогул нічога не падпішацца?»
Як лічыць эксперт, «пэўная частка дакументаў усё ж будзе падпісана, астатнія, падобна, будуць звыкла абмяркоўвацца і далей — год, два, больш». «Дастаткова зразумела і відавочна, што Мінск не асабліва хоча вялікага збліжэння з Расіяй. Але, можа быць, нарэшце, Беларусь і Расія падпішуць пагадненне па роўмінгу? На мой погляд, красамоўнае сведчанне паспяховасці перамоваў, у прынцыпе ж — просты дакумент, простае рашэнне, але нават з ім ёсць даволі вялікія складанасці», — сказаў Рыгор Астапеня.
Асаблівасці: без звыклай мяккасці
«Расія ў гэтым годзе не была добрай да Аляксандра Лукашэнкі. Расія ведае, што ў Беларусі не хапае рэсурсаў. У Крамлі таксама ведаюць, што ў наступным годзе Аляксандр Лукашэнка неяк збіраецца пераабрацца — і Крэмль пакуль не дае яму ніякіх сур’ёзных рэсурсаў для палягчэння гэтай аперацыі. Напрыклад, за расійскія грошы павялічыць зарплаты, пенсіі, сацыяльны капітал, персанальную папулярнасць падняць у рэшце рэшт. Гэта значыць ніякай мяккасці ў абыходжанні з Мінскам, ніякіх саступак незгаворліваму Лукашэнку ў гэтым годзе не было. Гэта зусім не падобна на ранейшыя перадвыбарчыя гады, калі Масква дапамагала матэрыяльна пад выбары — і дапамагала істотна», - адзначыў Рыгор Астапеня.
Статус палітычнага ізгоя нікуды не дзеўся
Што тычыцца адной з папулярных версій апошніх дзён — датычнасьці Крамля да стварэння фільма «Deutsche Welle» аб забойстве беларускіх палітыкаў у 90-х гадах, то, па словах Рыгора Астапеня, «гэта даволі зручная пазіцыя — ацэньваць усё непрыемнае для Лукашэнкі як "руку Масквы". «У прынцыпе, сапраўды, цяпер усе праблемы беларускага кіраўніка з’яўляюцца зручнымі для Масквы. Яны ўсе зніжаюць ступень яго здольнасці супрацьстаяць напору Крамля. Асабіста я „руку Масквы“ ў гэтым не шукаю і не схільны бачыць. Але пры гэтым адзначу, што ў гэтай сітуацыі не варта станавіцца абсалютным скептыкам і адмаўляць любую версію, роўна як і цалкам браць на веру, што прызнанні ў фільме цалкам інспіраваныя Масквой. У нас проста недастаткова інфармацыі, але тое, што прагучала ў фільме, у інтэрв’ю былога спэцназаўца Юрыя Гараўскага, усё ж сапраўды зніжае ўзровень цяпла ў адносінах Беларусі і Захаду. Мне здаецца, што калі б фільм з’явіўся напярэдадні нядаўняга візіту міністраў замежных спраў Фінляндыі і Швецыі ў Мінск, то візіт быў бы адменены, магчыма, відавочна бы прычына не гучала, але еўрапейскія міністры адмовіліся б ад паездкі ў беларускую сталіцу. Усё гэта паказвае, што Беларусь не можа збегчы ад свайго мінулага і статус беларускай дзяржавы як палітычнага ізгоя нікуды не знік», — лічыць Рыгор Астапеня.