РПЦ хоча прапісаць у законах РФ дактрыну «трыадзінства рускага народа»
Расіі неабходна «вярнуцца да існуючай больш за тры стагоддзі дактрыны трыадзінства рускага народа», згодна з якой рускі народ складаецца з «вялікаросаў, маларосаў і беларусаў», піша «Позірк».
Пра гэта гаворыцца ў зацверджаным на пасяджэнні XXV Сусветнага рускага народнага сабора наказе “Сучаснасць і будучыня рускага свету”.
“Акрамя прызнання і развіцця ў айчыннай навуцы, дактрына трыадзінства павінна атрымаць заканадаўчае замацаванне, стаўшы неад’емнай часткай расійскай сістэмы права. Трыадзінства павінна быць уключанае ў нарматыўны пералік расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў і атрымаць адпаведную прававую абарону”, — заяўляюць у РПЦ.
Падкрэсліваецца, што паняцце “рускі” ахоплівае “ўсіх усходніх славян”.
У дакуменце вайна, развязаная Расіяй супраць Украіны, названая “новым этапам нацыянальна-вызваленчай барацьбы рускага народа супраць злачыннага кіеўскага рэжыму і калектыўнага Захаду <…> на землях Паўднёва-Заходняй Русі з 2014 года”. Пасля завяршэння ваенных дзеянняў “уся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсці ў зону выключнага ўплыву Расіі”.
Саборны з’езд прайшоў у Маскве пад старшынствам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Зацверджаны наказ “з’яўляецца праграмным дакументам XXV Сусветнага рускага народнага сабора, а таксама наказам, адрасаваным органам заканадаўчай і выканаўчай улады Расіі”, адзначаецца ў паведамленні.