Прарасійская актывістка атрымала буйны штраф за «адзіночны пікет з БЧБ»
Віцебская «рускаміраўка» Эльвіра Мірсалімава атрымала яшчэ адну «адміністрацыйную справу». Гэтым разам яе судзілі за «адзіночны пікет з БЧБ» і прысудзілі да штрафу ў 2600 рублёў. Паводле яе сцвярджэння, падставай сталі допісы з ілюстрацыямі да яе «антыбчб-шных артыкулаў».
Падрабязнасцямі Мірсалімава падзялілася ў сваім фэйсбуку.
«Маўляў, “там было за што”… Вось канкрэтыка. Першае абвінавачанне, па якім мяне асудзілі (штраф плюс двое сутак у ізалятары, на металічнай шконцы без матраца, з праверкамі ў кайданках за спіной, тварам да сцяны — за «рэабілітацыю нацызму»:
— за перапост Уладлена Татарскага, дзе рускі воін-вызваліцель стаіць нагамі на сцягу УСУ са свастыкай (допіс, які паказвае на адзінства ўкраінскіх бандэраўцаў і нацызму)
— за гістарычныя фота, дзе людзі з бчб і партрэтам Гітлера сустракаюць фашысцкіх акупантаў (допіс, які паказвае на сувязь бчб і нацызму).
— за перапост, дзе фінскія легіянеры (напярэдадні ўступлення Фінляндыі ў НАТА) ідуць пад сцягам са свастыкай, (допіс, які паказвае на агульнасць Натаўцаў і нацызму).
Гэта былі антыфашысцкія і антынацысцкія допісы.
І другі артыкул — нешта накшталт “адзіночнага пікету з бчб”. За публікацыю пастоў з ілюстрацыямі да маіх антыбчб-шных артыкулаў.
Суд праходзіў у адкрытым рэжыме, публікацыя рашэння суда дазволена. Верце вачам сваім», — напісала яна.
Нагадаем, Мірсалімаву сёлета ў лютым ужо судзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, за распаўсюд так званай «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі і за «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі». Яна атрымала двое сутак адміністрацыйнага арышту.
Эльвіра Мірсалімава — адна з вядомых прарасійскіх актывістак. Раней яна казала, што беларусы — гэта рускія, а Сталін — вялікі дзеяч, і прапаноўвала паставіць яму помнік.