Рэдактарцы тэлеграм-канала «МКБ» прад'явілі абвінавачанне
Адной з рэдактараў тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь» Ірыне Шчаснай прад'явілі абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Яна застаецца пад вартай.
Рэдактара тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь» Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада. А 12:05 да яе прыйшлі супрацоўнікі СК, яе даставілі на допыт. У яе дома на працягу дзвюх гадзін праводзіўся ператрус, канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грашовыя сродкі.
Супрацоўнікі СК былі пераапранутыя ў работнікаў ЖЭСа. Калі мама Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, дзе пражывае яе дачка, "жэсаўцы" пацікавіліся, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Маці дзяўчыны адказала, што не пражывае тут і не можа адказаць на іх пытанне. Супрацоўнікі СК зайшлі разам з ёй у пад'езд, а калі яна адчыняла дзверы кватэры, жорстка адштурхнулі (пенсіянерку 64 гадоў). Чалавек, што адштурхнуў маму Ірыны, прадставіўся Сідарчуком Паўлам Рыгоравічам.
У Ірыны дома застаўся 10-гадовы сын. Яна магла застацца і працаваць у Кіеве, куды паехала ў жніўні, але вярнулася, таму што хацела быць побач з сям'ёй і жыць у роднай краіне.