Раман Бяссмертны: «Лукашэнка — не прэзідэнт, ён — зіц-старшыня часткі Расіі»
«Украінскі бок ніякіх надзеяў на сустрэчу 26 жніўня не ўскладае. Украінскія спецыялісты разглядаюць спробы ўгаварыць Пуціна проста як дарэмную трату часу», — заявіў Радыё Свабода Раман Бяссмертны, былы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі (2010–2011), камендант Майдана падчас Аранжавай рэвалюцыі, віцэ-прэм’ер ураду Юліі Цімашэнкі, старшыня палітычнай партыі «Трэцяя ўкраінская рэспубліка».
— Як можна ацаніць ролю Аляксандра Лукашэнкі ў сустрэчы, якая адбудзецца 26 жніўня ў Мінску? Некаторыя палітолагі кажуць пра асабісты трыюмф Лукашэнкі. Ці згодны вы з гэтым?
— Перадайце палітолагам, якія кажуць, што гэта трыюмф Лукашэнкі, што гэта выключна заслуга Мінску, якая заключаецца ў тым, што ён побач з Кіевам, і прэзідэнтам ёсць куды ехаць. Украінскі
прэзідэнт не паедзе ў Расію, на тэрыторыю варожай дзяржавы. А Пуцін у Кіеў таксама не з'явіцца, бо калі яго тут пабачаць, то прыкончаць яго разам з памагатымі. Вось таму сустрэча адбываецца ў
Мінску, і роля Лукашэнкі ў гэтым працэсе — роля статыста, які воляю выпадку захапіў уладу ў Беларусі. Калі каму і дзякаваць, што адбываецца гэтая падзея, то гэта Еўрапейскаму Саюзу і ЗША,
якія робяць усё, каб прывесці да розуму Пуціна і ягоную маскоўскую камарыллю.
— Чаго можна чакаць ад сустрэчы?
— Адразу можна сказаць, што ўкраінскі бок ніякіх надзеяў на гэтую сустрэчу не ўскладае. Мы чакаем вельмі сціплага выніку. Прэзідэнт Украіны робіць усё магчымае і немагчымае, каб знайсці
мірныя спосабы затармазіць расійскую агрэсію. Таму ён на дакор сабе, страчваючы свой рэйтынг, едзе на гэтую сустрэчу. Хоць украінскае грамадства сёння адназначна разумее, што Пуцін з ягонай
камарылляй — гэта ворагі Украіны і што знайсці мірны спосаб тармазіць дыктатарскія і імперскія апетыты Масквы наўрад ці ўдасца. Але прэзідэнт робіць усё магчымае, каб знайсці мірныя
спосабы.
— Андрэй Саннікаў лічыць, што фармальная сустрэча з агрэсарам — прызнанне агрэсіі з боку Пятра Парашэнкі, і кажа, што магчымым вынікам можа быць закулісная дамоўленасць пра
федэралізацыю Украіны. Што можаце сказаць на гэта?
— Тое, што прэзідэнт робіць гэта на шкоду сабе, гэта праўда. Таму спадар Саннікаў тут абсалютна мае рацыю. Гэтая сустрэча ў вачах украінцаў прынясе яму толькі шкоду. Ва Украіне сёння выдатна
разумеюць, што хуткіх спосабаў вырашэння праблемы няма. Сітуацыя на ўсходзе Украіны абвастраецца. Вайна набывае ўсё больш і больш жорсткі характар. Таму частка ўкраінскіх спецыялістаў разглядае
спробы ўгаворвання Пуціна проста як дарэмную трату часу. Гаворка вядзецца не пра расійска-украінскую вайну. Гаворка вядзецца пра вайну Пуціна супраць усяго дэмакратычнага свету. Таму, калі нехта
думае, што, захапіўшы Украіну ці частку Украіны, Пуцін спыніцца, то ён памыляецца. Мы ж чулі ўжо пра «Клайпедскую народную рэспубліку», пра вучэнні на берагах Балтыкі. Зразумела,
што Пуцін дамагаецца геапалітычнай гегемоніі. І тут гаварыць пра тое, што Украіна — разменная манета, — гэта займацца самападманам. А размовы пра федэралізацыю ці канфедэралізацыю
для ўкраінцаў гучаць як прапановы знішчыць краіну, таму вядома, што Парашэнка на гэта не пойдзе.
— А Беларусь? Нас Пуцін ужо лічыць сваёй тэрыторыяй? Ці варта чакаць зялёных чалавечкаў?
— Ніхто ўжо не разглядае Беларусь як незалежную дзяржаву, а Лукашэнку — як прэзідэнта. Ён — зіц-старшыня часткі Расійскай Федэрацыі. Выбачайце, але нічога іншага я сказаць не магу. Для мяне ўжо колькі гадоў няма такой краіны, як Беларусь, хоць я люблю і паважаю беларускі народ. Дзеянні Лукашэнкі знішчылі дзяржаву, падарваўшы спачатку яе гуманітарныя механізмы, а пасля і эканамічныя. А незаконна сеўшы ў прэзідэнцкае крэсла, ён завяршыў працэс знішчэньня беларускай дзяржавы.
— Чаму ўкраінская ўлада так сціпла рэагуе на агрэсію? Ёсць жа сведчанні, што на ўсходзе ваююць расійскія вайскоўцы...
— Я таксама задаю гэтае пытанне ўкраінскаму прэзідэнту. Чаму да гэтага часу не абвешчана ваеннае становішча і дакладна не вызначаны вораг? Відавочна, прэзідэнт і яго раднікі лічаць, што яшчэ
застаюцца нейкія надзеі на спыненне гэтага канфлікту. Як на мяне, дык ужо даўным-даўно Украіна ў стане вайны з Расійскай Федэрацыяй. Расія выступае як агрэсар, рэгулярныя часці расійскіх салдат
бяруць удзел у акупацыі ўкраінскай тэрыторыі. Я валодаю дастатковай колькасьцю фактаў, каб такое казаць.