Радыёкропкі ў Беларусі больш няма

З 1 красавіка ў Беларусі спынена вяшчанне на кароткіх, сярэдніх і доўгіх хвалях. Ад вяшчання на гэтых хвалях адмовілася Белтэлерадыёкампанія, паведамляецца на сайце Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтра.

287_sehodnja_eto_interesno_poznavatelno_kartinki_689685914.jpg

Такім чынам спыняецца эфірная трансляцыя гукавых праграм «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё» і «Радыёстанцыя Беларусь», якія вяшчалі на замежжа.
Як перадае радыё "Свабода" са спасылкай на прадстаўніка Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтра, Белтэлерадыёкампанія адмовілася ад вяшчання ў сувязі са "скарачэннем фінансавання":
«Па-першае, спынена вяшчанне на доўгіх хвалях — гэта праграмы, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Гэты перадатчык пакрываў практычна ўсю тэрыторыю краіны ў дыяпазоне доўгіх хваль — 279 кілагерц. Гэта значыць першы канал Беларускага радыё ў гэтым дыяпазоне перастаў распаўсюджвацца з 1 красавіка. На кароткіх і сярэдніх хвалях мы вяшчалі на Заходнюю Еўропу і на Расію. Там трансляваліся праграмы Першага канала Беларускага радыё і замежнае вяшчанне — праграмы радыёстанцыі «Беларусь».Сярэднія хвалі «дабівалі» да Афрыкі. Распаўсюджванне хваляў ішло прамянём, таму не ўся Заходняя Еўропа пакрывалася, а толькі частка. Англія не трапляла, паўночная частка Францыі, Бельгія, скандынаўскія краіны. А Цэнтральная і Паўднёвая частка Еўропы траплялі. Пры працы перадатчыкаў на максімальнай магутнасці беларускае вяшчанне даходзіла да Афрыкі. Хоць нам пісала адна нямецкая кампанія, што нас было чуваць нават у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. А зараз наш заказчык — Белтэлерадыёкампанія - адмовіўся ад нашых паслуг. І мы вымушаны былі выключыць перадатчыкі. Афіцыйная прычына — зніжэнне фінансавання. Ліст падпісаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Цяпер Беларускае радыё можна слухаць толькі ў FM дыяпазоне і на УКХ. А вось СВ, КВ, DX дыяпазоны ў Беларусі перасталі выкарыстоўваць».
На пытанне, ці можа нешта змяніцца, ці магчыма будзе ўключыць перадатчыкі ў будучыні, супрацоўнік тэхнічнага аддзела БРТПЦ адказаў, што ў бліжэйшыя два гады — 2016 і 2017 — нічога не зменіцца. Ды і наогул вяртання ўжо не будзе:
«Перадатчыкі выключаныя, і ўключыць зноў іх ужо немагчыма. Новы перадатчык такога тыпу, якія працавалі, каштуе каля 1 мільёна даляраў».
Галоўны рэдактар ​​«Радыё Беларусь», якое вяшчае на замежжа, Навум Гальпяровіч заявіў, што гэта агульная тэндэнцыя пераходу на новыя тэхналогіі, у інтэрнэт:
«Мы пашыраем вяшчанне ў інтэрнэце на ўсіх васьмі мовах, цяпер нас можна слухаць на разнастайных гаджэтах, працуем у дыяпазоне FM на блізкія рэгіёны, а таксама на спадарожніку. Так што ў нас не толькі не звужаецца, а пашыраецца вяшчанне. Цяпер гэта гібрыднае радыё. На нашым сайце з'явілася відэа».
А вось Рымантас Пляйкіс, былы міністр сувязі Літвы, заснавальнік радыё «Балтыйскія хвалі», праз якія Радыё Свабода рэтрансліруецца на сярэдніх хвалях з 2000 года, спецыяліст па радыётэхналогіях, аўтар даследавання аб радыёглушэнні, так каментуе спыненне вяшчання Беларускага радыё на доўгіх, сярэдніх і кароткіх хвалях:
«У сувязі з гэтым варта адзначыць пяць рэчаў. Па-першае, гэта сацыяльна несправядлівы крок у дачыненні да незаможных людзей, якія будуць вымушаныя купляць FM-прымачы. Па-другое, такая «беражлівасць» - гэта прыкмета фінансавага крызісу рэжыму. Па-трэцяе, Беларускае нацыянальнае радыё больш не будуць чуць тыя, хто пражываюць або падарожнічаюць у Літве, Польшчы, Украіне, Расіі, Латвіі. Па-чацвёртае, «зэканомленыя» грошы беларускае Дзяржтэлерадыё можа карупцыйна «праесці» разам з прыватнымі прадзюсарскія кампаніямі. Па-пятае, губляецца падстава ўвесці лічбавую трансляцыю па тэхналогіі DRM».
У той жа час суседняя Літва працягвае трансляцыю радыёпраграм на Расію і іншыя краіны на ўсход ад яе, паведамляе МЗС Літвы.
Гэтыя праграмы транслююцца праз перадатчык магутнасцю 75 кілават, які знаходзіцца ў паселішчы Сіткунай пад Коўна. Акрамя таго, ЗША даставіць Літве сучасны перадатчык магутнасцю 200 кілават. (Для параўнання, адключаныя перадатчыкі ў Калодзішчах мелі магутнасць 150 і 250 кВт, у Асіповічах — 500 і 800 кВт).
«Новае абсталяванне дазволіць узмацніць палітыку інфармавання краін Захаду і барацьбу з расійскай прапагандай у рэгіёне, а таксама камунікацыю ў Расіі, Украіне і іншых дзяржавах рэгіёну», — цытуе заяву МЗС Літвы Delfi.
Паводле Беларускага партызану