Прынята сумеснае рашэнне адклікаць для кансультацый частку паслоў ЕС з Беларусі (абноўлена)

Кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау заявіў аб адкліканні "часткі паслоў, акрэдытаваных у Беларусі". Раней МЗС Літвы паведаміў аб адкліканні свайго амбасадара з Мінска, паведамляе TUT.BY.

shutterstock_670626913.jpg


"Згодна з Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і краінамі — членамі ЕС мы вырашылі адклікаць для кансультацый частку паслоў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь", — напісаў ён у Twitter і падзякаваў Еўрасаюзу за салідарнасць з Польшчай і Літвой.
Кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства заявіў, "прыярытэтам застаецца падтрымка беларусаў і іх імкнення да дэмакратызацыі краіны".
— Нам патрэбныя каналы сувязі, каб падтрымаць тых, хто змагаецца за незалежную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь", — заявіў міністр.
Пры гэтым Рау не ўдакладніў, якія менавіта паслы і калі будуць адкліканыя.
Стала вядома, што 6 кастрычніка пакідае Беларусь і Пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр. Ён адкліканы для кансультацый у Берлін
— Патрабаванне ўладаў Беларусі, каб Польшча і Літва значна скарацілі сваю дыпламатычную прысутнасць у Мінску, выклікае шкадаванне і з’яўляецца контрпрадуктыўным. Літва і Польшча былі вымушаныя адклікаць сваіх амбасадараў для кансультацый. Такія спробы зрабіць мішэнню асобныя краіны Саюза не здолеюць парушыць наша адзінства. Усе краіны ЕС заклікаюць беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых мірных дэманстрантаў і палітычных зняволеных, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачаць усеагульны нацыянальны дыялог з мэтай забеспячэння суверэннай, незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі, — гпаведамляецца ў заяве Прадстаўніцтва ЕС.
Раней, 5 кастрычніка, кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацый. Лінкявічус заявіў, што рашэнне прынята сумесна з польскімі калегамі. Паводле яго слоў, ён правёў перамовы з кіраўніком знешнепалітычнай службы ЕС Жазэпам Барэлем, кіраўнікамі МЗС Польшчы і Германіі Збігневам Рау і Хайка Маасам з нагоды патрабавання беларускага боку аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў у пасольствах Літвы і Польшчы ў Беларусі.
Нагадаем, беларускі МЗС 2 кастрычніка запатрабаваў у пасольстваў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў і адклікаць сваіх паслоў для кансультацый. 5 кастрычніка былі адкліканыя ў Мінск амбасадары Беларусі ў Польшчы і Літвы.