Праходзяць суды над сябрамі КС і затрыманымі на мірных акцыях пратэсту
25 жніўня ў судзе Заводскага раёна г. Мінска на 10.30 раніцы прызначаны судовы працэс над сябрай прэзідыўма Кардынацыйнага Савета Вольгай Кавальковай. Жанчыну затрымалі ўчора раніцай каля прахадной МАЗ, куды Вольга прыйшла разам з прадстаўніком стачкама ў КС Сяргеем Дылеўскім, каб падтрымаць рабочых. Абодва былі затрыманыя міліцыяй за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП).
Ноч да суда Вольга Кавалькова правяла ў ІЧУ на Акрэсціна.
Суд над Вольгай Кавальковай адбываецца праз відэасувязь. Як паведамляе Еўрарадыё, сакратар суда паведаміў, што ў кабінеце суддзі ёсць далучэнне да інтэрнэту. Але месцаў для слухачоў пасяджэння і журналістаў — амаль няма.
Кабінет суддзі, дзе праходзіць разгляд справы супраць Вольгі Кавальковай. Фота ЕўрарадыёНа працэсе прысутнічаюць Ганна Канапацкая і Марыя Калеснікава.
Суддзя — Дзмітрый Астапенка. Акрамя абвінавачвання па ч. 3 арт. 23.34 КаАП, на Вольгу Кавалькову складзены пратакол і за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП). У працэсе аб'яўлены перапынак да 14 гадзін, бо Вольга Кавалькова заявіла хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы.
Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч паведаміла, што Сяргей Дылеўскі таксама знаходзіўся ноч на Акрэсціна. Суд над ім распачаўся ў 12.00 у судзе Заводскага раёна. Суддзя Алена Капцэвіч.
Паводле праваабарончага цэнтру "Вясна"