Павел Усаў: Толькі вулічныя пратэсты прымусяць улады сесці за стол перамоваў

Заклік беларускай апазіцыі, каб Еўрасаюз паўплываў на Аляксандра Лукашэнку ў справе круглага стала з апазіцыйнымі лідарамі, — гэта абсурд, мяркуе палітолаг Павел Усаў.



1027.jpg

«Гэтыя заявы — гэта намаганні апазіцыі падкрэсліць, што яна яшчэ існуе, што з ёй павінны лічыцца прынамсі на Захадзе, а Захад павінен прымусіць Лукашэнку лічыцца з апазіцыяй, — сказаў Павел Усаў у праграме «Liberum veto». — Канешне, гэта ўсё лялечны тэатр. І насамрэч, ні Захад не мае рэсурсаў, каб прымусіць Лукашэнку пайсці на нейкія размовы ці арганізаваць круглы стол з апазіцыяй, ні ў Лукашэнкі няма патрэбы на сённяшні дзень у гэтым, бо ён не жадае і не будзе прызнаваць апазіцыю як нейкага роўнага партнёра. Гэтага ніколі не будзе, пакуль апазіцыя не стане самастойным сур’ёзным гульцом на беларускай арэне, як гэта, напрыклад, было ў канцы 80-ых гадоў у Польшчы».

Пакуль апазіцыя не будзе мець уласных інструментаў ціску на ўлады, кіраўніцтва Беларусі ніколі не пойдзе на дамовы з апазіцыянерамі.

«Навошта пра нешта дамаўляцца з апазіцыяй, калі яна для ўлады пустое месца. Апазіцыю выцягваюць толькі для пэўных дэкаратыўных функцый, як гэта было на прэзідэнцкіх выбарах», — падкрэсліў палітолаг.

На сённяшні момант апазіцыя не ў стане ўплываць на грамадства і палітычны рэжым, а што яшчэ больш важна — апазіцыя не здольная ўплываць на сваё ўнутранае асяроддзе, напрыклад, на экс-кандыдатку на прэзідэнцтва Таццяну Караткевіч ці кампанію «Гавары праўду», якая робіць тое, што выгадна толькі ёй, а не ўсёй дэмакратычнай супольнасці.

Круглы стол паміж кіраўніцтвам краіны і апазіцыяй мог бы адбыцца, калі б існавала пагроза рэвалюцыйных пераменаў, мяркуе Павел Усаў. На ягоную думку, толькі вулічныя пратэсты змусілі б улады пайсці на перамовы.

belsat.eu