Павел Севярынец: «Выбараў» у Беларусі няма. Іх прызнанне стане катастрофай
Весці размову аб легітымізацыі рэжыму і прызнанні вынікаў выбарчага фарсу нельга.
Лідары апазіцыі ўжо абвясцілі аб тым, што «выбары» ў Беларусі сфальсіфікаваныя. Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец распавёў charter97.org аб далейшых дзеяннях дэмакратычных сіл і патлумачыў, чаму краінам Захаду нельга прызнаваць вынікі выбарчага фарсу.
— Як вы ацэньваеце ход так званай «выбарчай кампаніі»?
— Наша пазіцыя простая і зразумелая: выбараў у Беларусі няма. Інфармацыю пра гэта нам трэба даводзіць да народа — на сустрэчах, з дапамогай інтэрнэту і друкаванай прадукцыі. Гэтую працу апазіцыя павінна весці цяпер і найбліжэйшыя месяцы.
— Якія ацэнкі вынікаў «выбараў» вы чакаеце ад краін Захаду?
— Лідары дэмакратычнай апазіцыі павінны гаварыць аб фальсіфікацыі «выбараў», пра тое, што нельга прызнаваць іх «вынікі» не толькі ў краіне, але і на ўсіх сустрэчах з заходнімі лідарамі, у якіх яны бяруць удзел — у Еўрапейскім парламенце, ПАРЕ, АБСЕ. Еўрапейскіх палітыкаў трэба пераканаць у тым, што сапраўдных «выбараў» у Беларусі не было і няма. Прызнанне іх вынікаў стане катастрофай. Таму дэмакратычныя краіны свету, на нашу думку, павінны заняць цвёрдую і прынцыповую пазіцыю: свабодных выбараў у Беларусі няма і весці размову аб легітымізацыі рэжыму, аб прызнанні вынікаў выбарчага фарсу нельга.
Захад можа, выкарыстоўваючы сітуацыю, якая цяпер складваецца, прымусіць рэжым зрабіць канкрэтныя крокі ў бок дэмакратыі. Неабходныя для гэтага прылады і шырокі спектр рычагоў ціску, якія рэальна працавалі раней, у ЕЗ і ЗША ёсць, патрэбная толькі палітычная воля. Гэта спрацавала, напрыклад, у Польшчы ў часы «Салідарнасці», гэта спрацуе і ў дачыненні да сённяшняй Беларусі. Сітуацыя складаная, але нельга забываць аб тым, што з гістарычнага і геапалітычнага пункту гледжання, наша краіна — ключавы пункт для ўсяго рэгіёну. Перамены ў Беларусі важныя і для Украіны, і для Расіі.