Павел Усаў: «Лукашэнка кантралюе сваё атачэнне яшчэ больш, чым апазіцыю»

Палітолаг Павел Усаў не бачыць ніякіх прыкмет распаду створанай Лукашэнка сістэмы.

usau.jpg

«Скажыце, вы таксама заўважылі прыкметы незадаволенасці ўнутры кіруючай эліты, яе жаданне зрушыць Лукашэнка? Можа, хтосьці назірае рэальны распад і дэкансалідацыю сістэмы, акрамя вядома раптоўнага з'яўлення двух «кандыдатаў-ад-сістэмы» у прэзідэнты? Можа, у краіне стала менш рэпрэсій, міліцыя перастала брутальна затрымліваць, суддзі перасталі штрафаваць і садзіць? Можа, кіруючыя колы перасталі хаваць інфармацыю пра сітуацыю з вірусам, а чыноўнікі перасталі запалохваць і звальняць нязгодных і смелых, тых жа лекараў?» — піша эксперт на сайце «Беларускі партызан».
На думку палітолага, вылучэнне на пасаду прэзідэнта Беларусі прадстаўнікоў сістэмнай наменклатуры — экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыка і былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы — таксама не з'яўляецца прыкметамі «закісання» і «незадаволенасці» ў беларускай палітычнай эліце.
«Сістэма — гэта канкрэтныя людзі і канкрэтныя рашэнні. Калі за Бабарыка або Цапкала стаяць незадаволеныя «асобы», то яны павінны быць. Яны павінны быць ва ўрадзе, сярод сілавікоў (КДБ і арміі), у ЦВК, у рэгіёнах. Яны павінны збірацца, прымаць рашэнні, размяркоўваць функцыі вылучаць фінансы.
Іншымі словамі, «электаральны» выклік павінен быць не прадуктам «віртуальных разважанняў і высноў» незадаволеных чыноўнікаў, а канкрэтных практычных рашэнняў, дзеянняў, кулуарных дамоўленасцей не аднаго дзясятка чалавек...
...Калі нехта ў гэта верыць, то прашу ўспомніць ня лёс Марыніча ці Казуліна, а лёс Уцюрына і Канаплёва. Я ўпэўнены, што Лукашэнка кантралюе сваё атачэнне яшчэ больш, чым апазіцыю», — піша Усаў.
Як адзначае эксперт, калі б такі працэс быў бы магчымы, «то мы б сталі сведкамі сегментацыі ўсёй сістэмы ў цэлым».
«Слабасць кіраўніка адчулі б усе элементы палітычнай структуры: ад чыноўнікаў, да простых настаўнікаў. Гэта б выявілася ў памяншэнні кантролю, рэпрэсій, ціску, прымусу на ўсіх узроўнях грамадскага жыцьця. Сегментацыя сістэмы пачынаецца тады, калі простыя выканаўцы перастаюць быць бяздумнымі «шрубкамі» ў дзяржаўнай машыне, калі яна, машына, пачынае буксаваць. Але гэтага няма...
...Мне здаецца, што ўсе размовы пра "закісанне" і «незадаволенасць» не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю, беспадстаўныя і спекулятыўныя, з'яўляюцца толькі элементам інфармацыйнай гульні і маніпуляцыі ўлады», — рэзюмуе палітолаг.
Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.
Паводле udf.by