Павел Латушка: Злачынства рэжыму Лукашэнкі перад беларусамі і іх будучыняй

Рэальнасць можа аказацца значна горшай, чым статыстыка Белстата наконт дэмаграфіі. Больш радыкальны пункт гледжання — у Беларусі цяпер фактычна пражывае менш за 8 мільёнаў грамадзян.

_pensijanery___stalasc___uzrost___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

За трыццаць гадоў «кіравання» Лукашэнкі Беларусь сутыкнулася з сур'ёзным крызісам дэпапуляцыі насельніцтва.

Праблема змяншэння колькасці насельніцтва пачала станавіцца ўсё вастрэйшай практычна адразу пасля выбараў Лукашэнкі ў 1994 годзе, і сітуацыя працягвае пагаршацца і цяпер.

Асноўная прычына гэтай тэндэнцыі заключаецца ў выдушванні актыўнай, інтэлектуальна прасунутай часткі насельніцтва з краіны. Гэта з'ява звязана з паралізуючым страхам Лукашэнкі перад магчымасцю зрынання і пазбаўлення ўлады.

Паводле дадзеных Белстата, з 1991 года па 2024 год насельніцтва Беларусі зменшылася на 1 мільён чалавек.

У перыяд з 1999 года па 2024 год працаздольнае насельніцтва скарацілася на 400 тысяч чалавек, а колькасць насельніцтва маладзей за працаздольны ўзрост паменшылася больш чым на 500 тысяч чалавек

Рэальнасць можа аказацца яшчэ горшай за статыстыку. Звесткі Белстата аб колькасці насельніцтва не ўлічваюць тых грамадзян, хто выехаў, але не пазбавіўся рэгістрацыі ў Беларусі.

Незалежныя даследчыкі ацэньваюць агульную колькасць беларускай эміграцыі з 2020 года прыкладна ў 500–600 тысяч чалавек. Ёсць і больш радыкальны пункт гледжання, які ўказвае на тое, што ў Беларусі фактычна пражывае менш за 8 мільёнаў грамадзян.

На рынку працы адчуваецца востры недахоп кадраў. На май 2024 года ў агульнарэспубліканскім банку вакансій размешчана больш за 150 тысяч прапаноў ад наймальнікаў.

Нягледзячы на цяжкую сітуацыю на рынку працы, рэжым праводзіць пільны адбор паводле прынцыпу «лаяльнасці». Калі патэнцыйны работнік быў калі-небудзь заўважаны ва ўдзеле ў пратэстах (штраф, адміністрацыйны арышт, крымінальнае пакаранне) — ён не зможа працаўладкавацца нават простым дворнікам.

Для Лукашэнкі важна захаваць сваю ўладу любой цаной — і дзеля ўлады ён ідзе на любыя злачынствы. І такое велізарнае скарачэнне колькасці насельніцтва ў Беларусі — злачынства перад беларусамі і іх будучыняй.