Паўла Севярынца хочуць судзіць за сустрэчу людзей з Акрэсціна
Да сустаршыні
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які з 31 сакавіка адбывае ў
ЦІП па вуліцы Акрэсціна 10 сутак арышту за абарону Курапатаў, прыйшлі следчыя з
Маскоўскага РАУС.
Яны склалі ў дачыненні да яго адміністратыўны пратакол за
тое, што ён 30 сакавіка разам з Міколам Статкевічам і Уладзімірам Някляевым
разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг, сустракаючы людзей, што вызваляліся з
Акрэсціна.
Таксама сустаршыня БХД бачыў, як на яго складаюць пратакол за акцыю ля КДБ 31 сакавіка. "Але позваў у суд яму пакуль не прыходзіла, таму наконт суду ў панядзелак нічога невядома. Але Паша падазрае, што яго хочуць пратрымаць як мага даўжэй і таму прасіў чакаць яго ў панядзелак ля Цэнтральнага суду”, — адзначыла жонка палітыка Вольга Севярынец.
Паводле яе, Павел
Севярынец адмовіўся падпісваць пратаколы і замест гэтага прачытаў лекцыю
следчым. "Трымаецца бадзёра, але настройваецца, што яшчэ штосьці будзе”, —
дадала яна.