Пасля сустрэчы з Макеем заходнія дыпламаты заклікалі беларускія ўлады да новых выбараў

Прадстаўнікі дыпмісій ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Японіі зрабілі сумесную заяву пасля аўторкавай сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем.

15775402_303.jpg

Паведамляецца, што яны нагадалі аб пазіцыі сваіх урадаў у дачыненні да сітуацыі ў краіне і аб наяўных сродках дасягнення мірнага і ўстойлівага вырашэння палітычнага крызісу і крызісу ў галіне правоў чалавека, які развіваецца ў Беларусі на працягу апошняга года.

Дыпламаты адзначылі, што крызіс у Беларусі нарастае: узмацніўся пераслед апазіцыі, СМІ, грамадзянскай супольнасці і грамадства ў цэлым, у тым ліку польскай меншасці ў Беларусі.

Яны спыталі пра планы беларускіх улад у дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права.

І заклікалі ўлады адгукнуцца на патрабаванні беларускага народа:

— неадкладна спыніць пераслед усіх асоб, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці; прадэманстраваць павагу да свабоды перакананняў, выказвання і сходаў;

— неадкладна спыніць адвольныя затрыманні, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў і палітычных зняволеных;

— неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і несправядліва затрыманых;

— без прамаруджання расследаваць парушэнні правоў чалавека і прыцягнуць да суду тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў акты гвалту, катаванняў, бесчалавечнага абыходжання і незаконныя дзеянні, якія прывялі да цялесных пашкоджанняў, траўм, гібелі людзей, а таксама да фарміравання агульнай атмасферы беззаконня ў краіне;

— пачаць годны даверу і інклюзіўны палітычны працэс, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ.

Кіраўнікі місій спадзяюцца, што беларускі бок дазволіць калегам з Літвы, Польшчы, Латвіі, Вялікабрытаніі і ЗША, якіх папрасілі пакінуць краіну, вярнуцца ў Беларусь.

Паводле «Салідарнасці».